Аддзел прымусовага пакарання абураны жаданнем Фядыніча наведваць царкву

Лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч, які зараз адбывае пакаранне на «дамашняй хіміі», напісаў заяву на імя начальніка Цэнтральнага РУУС Мінска з просьбай дазволіць яму наведваць у нядзелю царкву.

Генадзь Фядыніч+ падчас суда па "справе прафсаюзаў" . Фота БелаПАН

“У аддзеле прымусовага выканання Цэнтральнага раёна вельмі абурыліся, калі даведаліся пра такую маю просьбу”, — распавёў Генадзь Фядыніч сайту palitviazni.info.

Нагадаем, што 9 лістапада мінулага года ў Мінскім гарадскім судзе лідары прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік абскарджвалі прысуд ад 24 жніўня 2018 года, паводле якога яны прызнаны вінаватымі па ч.2 арт.243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры).

Суд Савецкага раёна асудзіў кіраўнікоў прафсаюза РЭП на 4 гады абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу. Мінскі гарадскі суд пакінуў рашэнне раённага ў сіле.

У дачыненні да Ігара Комліка абмежаванні пачалі дзейнічаць з 19 снежня мінулага году, да Генадзя Фядыніча — з 4 студзеня гэтага году.

“Як вядома, чалавек, які адбывае пакаранне на “дамашняй хіміі”, у выхадныя дні павінен знаходзіцца ўвесь час дома, — кажа Генадзь Фядыніч. — Але я, напрыклад, маю жаданне ў нядзелю наведваць царкву. Чаму не маю такога права? Таму і накіраваў заяву на імя начальніка Цэнтральнага РУУС Мінска”.

У заяве Генадзь Фядыніч напісаў: “У сувязі з тым, што я з’яўляюся веруючым чалавекам, а ў перыяд адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі маю патрэбу ў духоўнай падтрымцы, прашу прадаставіць мне магчымасць наведваць праваслаўны храм Пятра і Паўла. Наведванне храма неабходна для ўдзелу ў богаслужэннях па нядзелях. На гэтай падставе прашу дазволіць пакідаць сваё жыллё з 9.00 да 12.00”.

Са слоў прафсаюзнага лідара, у яго з гэтай нагоды адбылася размова і з начальнікам аддзела прымусовага выканання Цэнтральнага раёна.

“Той нават абурыўся, што я падаў такую просьбу, — працягвае Генадзь Фядыніч. — Маўляў, не хачу выконваць рэжым адбыцця пакарання, а таму і прыкрываюся царквой. Яны ж прызвычаіліся, што іх “кліенты” не маюць ніякіх правоў, права голасу і павінны кланяцца ў ногі тым, хто за імі наглядае. Але я ведаю свае правы і буду дамагацца, каб яны выконваліся”.

Генадзь Фядыніч дадае: “Калі адмовяць наведваць царкву, то ён будзе абскардзіць гэтае рашэнне ў пракуратуры”.

palitviazni.info

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!