«Адміністрацыя калоніі хоча ператварыць мяне ў жывёлу»

31-гадовы жыхар Гомеля Сяргей Верашчагін пры затрыманні летась 12 жніўня атрымаў, паводле адвакаткі, не менш за 100 удараў. Яго здароўе моцна пагоршылася. Суд пакараў Сяргея пазбаўленнем волі на 5 гадоў. «Свабода» публікуе ліст з падрабязным апісаннем здзекаў з боку адміністрацыі і лекараў калоніі, які Сяргею ўдалося перадаць на волю. 

Што адбылося

12 жніўня 2020 году Сяргей Верашчагін назіраў са свайго акна (ён жыве ў цэнтры Гомеля. — РС), як міліцыя разганяла і біла ўдзельнікаў акцыі пратэсту, у тым ліку дзяўчат. Сяргей закрычаў на міліцыянтаў і кінуў у іх бок пластыкавую бутэльку. Да яго ў кватэру ўварваліся міліцыянты і моцна яго збілі — дома, а затым у РАУСе. На судзе Сяргей расказваў, што міліцыянты скакалі па яго галаве, абражалі і смяяліся з яго.

Суд прызнаў яго вінаватым у «гвалце над міліцыяй» і пакараў пазбаўленнем волі на пяць гадоў. Адбываць пакаранне Сяргея накіравалі ў адну з самых жорсткіх, паводле праваабаронцаў, калонію — №13 у Глыбокім.

Грамадскасць была занепакоеная станам здароўя палітвязня і збірала подпісы за яго шпіталізацыю. У траўні Сяргея змясцілі ў Глыбоцкі раённы шпіталь на шэсць дзён, а потым зноў перавялі ў калонію.

Яму ўдалося перадаць на волю знаёмаму ліст без цэнзуры, дзе ён апісаў усе здзекі. Копію ліста «Свабодзе» перадаў блізкі чалавек Сяргея.

Ён адзначыў: «Сяргею пагражалі ў калоніі, што, калі ён напіша на волю, будзе скардзіцца на нешта — „мы цябе згноім у адзіночцы“. Нягледзячы на гэта, ён напісаў. Значыць, гэта ўжо край для яго!»

«Не магу зразумець — за што я пакутую»

На пачатку ліста Сяргей дзякуе ўсім неабыякавым людзям, якія пішуць яму лісты, але заўважае, што не разумее тых, хто піша пра матылькоў, дрэвы і іншае.

«Я не магу зразумець, за што я пакутую, за што ў мяне адабралі здароўе — відаць, за матылькоў і за дрэвы, вакол толькі адны словы і адны абяцанні, а дзеянняў ніякіх. Цяпер атрымліваецца тое, што дзейнічае толькі бясчынная міліцыя, якой мы самі развязалі рукі і дапусцілі яшчэ больш самаволі ў гэтай краіне — дык калі ж мы пачнём „здымаць акуляры“ і нешта будзем рабіць для таго, каб мы — беларусы — жылі квітнеючы, радаваліся і ўсміхаліся? І каб нашы мамы плакалі толькі ад радасці, а не ад таго, што іх сыноў забіваюць і незаконна садзяць у турму — задумайцеся, грамадзяне беларусы, за што мы тут пакутуем і за што ў нас адымаюць здароўе — вось калі вы ў сваёй душы на гэтыя пытанні адкажаце, вось тады мы прыйдзем да адзінага, радаснага і светлага, а пакуль будзем жыць аднымі словамі і абяцаннямі, ад якіх проста часам становіцца смешна, балюча і сумна», — піша Сяргей.


«У гэтае месца мяне адправілі на гібель»

«Я раскажу пра тое, як гэта — быць прыніжаным, адрынутым, як гэта — адчуваць сапраўдную крыўду за ўсю несправядлівасць, што са мной адбываецца. З моманту знаходжання ў калоніі я падвяргаюся бесперапыннай знявазе з боку адміністрацыі. Я зразумеў, што ў гэтае месца мяне адправілі на гібель. Мне ствараюцца такія ўмовы, у якіх жывы пазайздросціць мёртвым. Калі я прыбыў у калонію, два тыдні знаходзіўся ў карантыне. За гэты час мяне зрабілі злосным парушальнікам рэжыму, у той час, калі я нічога не парушаў. Першыя два парушэнні былі за тое, што я прылёг, калі ў мяне кружылася галава і я губляў прытомнасць, нягледзячы на тое, што ў маёй картцы было адзначана „пасцельны рэжым“. Трэцяе пакаранне было выдуманым. Але мяне паставілі перад фактам, што за парушэнні я пазбаўлены перадач і спатканняў», — напісаў Сяргей.

На яго, паводле ліста, «павесілі ўсе магчымыя прафілактычныя ўлікі». Гэта экстрэмізм, здольнасць да суіцыду, нападу на адміністрацыю, захоп закладнікаў.

«У мяне пастаянна кружыцца галава, я дрэнна стаў бачыць, у мяне здранцвенне левага боку ўсяго цела, пастаянныя моцныя галаўныя болі, я губляю прытомнасць, у мяне разбітыя ўсе суставы на руках і нагах, ад чаго я адчуваю пастаянны моцны боль. Дык вось, я паспрабаваў патрапіць у медчастку, трапіць да загадчыцы і іншых лекараў. Доўгі час я проста не мог дайсці туды, мяне не пускалі, на шляху ў медчастку мяне заўсёды спынялі работнікі калоніі, адпраўлялі назад па розных прычынах або без прычынах. Прычыны такія: "Ты не паголены" ці "Цябе туды не выклікалі — пайшоў адсюль!"», — узгадвае ў лісце вязень.


«Лекарка казала: „Перадайце яму, што я не прымаю!“»

Сяргей піша, што начальніку рэжымнай часткі Сяргею Стожыку не спадабалася, што ён ходзіць у медчастку. А калі ён усё-ткі туды трапіў, то дапамогі не атрымаў. Яму было складана трапіць да начальніцы медчасткі.

«Усё ж я злавіў начальніцу медчасткі — Надзею Паткевіч, і ўсё патлумачыў. Яна змерыла ціск, паглядзела картку, выслухала мяне, потым сказала: „Давайце памераю ціск“, — і я зразумеў, што тут нешта не так. Потым яна сказала, што не ведае, што са мной трэба рабіць, што ёй трэба параіцца з адміністрацыяй калоніі. І сказала, каб я ішоў на працу. Я пайшоў, ледзь перасоўваючы ногі, у стане, блізкім да страты прытомнасці. Пасля гэтага трапіць да яе, дзясяткі маіх спроб прайшлі беспаспяхова. Калі я заходзіў у медчастку, яна, бачачы мяне і бачачы тое, што я бачу яе, гаварыла кантралёру: „Скажыце яму, што я сёння не прымаю“. Я трапіў да іншых лекараў за гэты час, да прыкладу, да тэрапеўта Алега Дубаса. Патлумачыў яму, што турбуе мяне, што я не сплю ад моцнага галаўнога болю, што ў мяне кружыцца галава і што я губляю прытомнасць, што складана было дайсці да яго... Ён сказаў: „Ты мне надакучыў са сваімі хваробамі“, — даў мне таблетку парацэтамола і аправіў на працу», — піша жыхар Гомеля.

Таксама ён піша, што атрымаў таблетку амепразола (лекі для страўніка. — РС) пры скаргах на аняменне левага боку цела.

Калі наступным разам Сяргей ішоў з накіраваннем да неўролага, начальнік рэжымнай часткі Ігар Стожык, паводле слоў вязня, прыйшоў у лютасць. «Схапіўшы маё накіраванне, ён пабег наперадзе мяне ў медчастку, лаючыся матам, насварыўся на медыкаў і здзекліва сказаў: "Няма ў цябе больш бальнічнага, і паспрабуй толькі прылегчы ці прысесці"».

Апроч працы ў будзённыя дні, Сяргей мусіць працаваць і ў суботу, бо ён — «палітычны».

«Адчуванне поўнай адзіноты і разуменне, што мне ніхто не дапаможа»

«Мой начальнік першага атрада Мікалай Рачыла напісаў на мяне чарговае парушэнне, якога я не здзяйсняў. Ён напісаў, што я гаварыў з чалавекам, з якім у той момант я не размаўляў. За гэтае парушэнне мяне пасадзілі ў штрафны ізалятар. 9 сутак я там сядзеў адзін. Потым яны "дапісалі" мне яшчэ 7 сутак. Ад таго холаду і вільготнасці там я не спаў увесь гэты час, не спаў цалкам, бо немагчыма заснуць на такім холадзе. Лежачы на халоднай падлозе, я марыў аб коўдры або кофце, трываючы такі холад, якога ніколі не ведаў у такой ступені. Вось такія ў мяне мары. А думкі пра тое, што раніцай можа адбыцца нешта яшчэ горшае, чым ёсць цяпер, і гэтае адчуванне поўнай адзіноты і разуменне, што мне ніхто не дапаможа, спараджае пачуццё трывогі, пачуццё глыбокага смутку і моцнай крыўды за ўсё, што са мной адбываецца, ад якой у мяне міжволі цякуць слёзы. Калі прыходзіць раніца, я бачу міліцыю, якая прыходзіць на праверкі, яны правяраюць, ці не з'явілася пад тонкай майкай у мяне іншая майка... Правяраючы рукой, весела кажуць: "Адна майка", — і на выхадзе смяюцца: "Паглядзіце, як яго перакасіла ад холаду"», — апісвае сваё жыццё Сяргей.


«Я не спаў 11 сутак, і маё сэрца пераставала біцца»

На 12 суткі штрафнога ізалятару Сяргея адвялі, як ён піша, у медчастку. Бо на той момант аб стане яго здароўя турбаваліся многія людзі, якія тэлефанавалі ў калонію, пісалі звароты, падпісвалі петыцыі. «Мне зрабілі кардыяграму, потым паўторную — і выклікалі „хуткую“. Мяне адразу пераапранулі, каб лекары не ўбачылі надпіс „ШИЗО“ на адзенні. Прыехала „хуткая“ — паглядзелі кардыяграму, зрабілі ўкол, потым яшчэ зрабілі кардыяграму — у мяне сэрца білася 37 удараў у хвіліну, быў збіты рытм, бо я не спаў ад холаду 11 дзён, і сэрца пераставала біцца», — апісвае вязень.

У Глыбоцкім шпіталі ён быў шэсць дзён пад кропельніцамі, калолі атрапін. «Больш асабліва ніякіх абследаванняў не было. Я гаварыў, што ў мяне ўвесь час кружыцца і баліць галава, што я губляю прытомнасць, што ў мяне нямее левы бок цела — ніхто гэтыя праблемы не глядзеў. Глядзелі толькі сэрца, якое доўгі час не адпачывала, таму што я не спаў 11 сутак ад холаду, калі знаходзіўся ў штрафным ізалятары. Тое, што ў бальніцы мне калолі атрапін, гэтым зрабілі толькі горш майму здароўю, у мяне ў бальніцы пачало балець сэрца і цяпер працягвае балець пастаянна. Мне трэба было даць паспаць і адпачыць у цяпле, а не калоць мяне прэпаратамі, каб падняць пульс», — лічыць Сяргей.

Ён піша, што па вяртанні са шпіталю ў калонію непрыязь да яго з боку адміністрацыі вырасла, працягнуліся абразы і здзекі.

«Некаторыя супрацоўнікі калоніі гэтым нават карыстаюцца (што Сяргей стаіць на ўліку як экстрэміст. — РС), для задавальнення сваіх псіхічных адхіленняў, ім усё дазволена ў дачыненні да мяне, нават заахвочваецца тое, што з'яўляецца злачынствамі», — піша вязень.

Ён лічыць, што ўсе здзекі накіраваныя на тое, каб знішчыць яго фізічна.


«Мяне кормяць, як сабаку на ланцугу»


«На сённяшні дзень парушаныя амаль усе мае канстытуцыйныя правы, парушаныя ўсе законы ў дачыненні да мяне, якія існуюць. Адміністрацыя калоніі хоча ператварыць мяне ў жывёлу, якая не ўмее думаць, не здольная гаварыць і сказаць што-небудзь некаму. Мне ствараюцца такія ўмовы, што я сплю на падлозе, не маю магчымасці мець коўдру і я не бачу неба, паветра, не маю права харчавацца нармальнай ежай, мяне кормяць, як сабаку на ланцугу. Усяляк імкнуцца адгарадзіць ад зносін з людзьмі, абмежаваць у тэлефонных званках, тэлефанаваць мне даюць вельмі рэдка і толькі ў прысутнасці двух міліцыянтаў, яны стаяць нада мной і слухаюць, каб нічога не змог расказаць маме. Нядаўна я даведаўся ад мамы, што не ўсе мае лісты ёй даходзяць», — апісвае свой побыт вязень.

«Застаецца толькі адно: сціснуць зубы і трываць знявагі з боку супрацоўнікаў калоніі», — завяршае ліст Сяргей.

Блізкія людзі Сяргея паведамілі «Свабодзе» са спасылкай яго ліст, што яго як злоснага парушальніка пераводзяць у ПКТ — памяшканне камернага тыпу, дзе могуць трымаць да шасці месяцаў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: