Адміністрацыйныя суды над затрыманымі праходзяць у некалькіх гарадах Беларусі

У розных гарадах Беларусі ў панядзелак 8 чэрвеня будуць праходзіць суды над затрыманымі ў пятніцу і на выходных. 

Нагадаем, што ў апошнія тры дні па краіне было затрымана каля 40 чалавек, частку з іх пакінулі ў ізалятарах часовага ўтрымання да судоў. Гэта актывісты "Народнай грамады", "Еўрапейскай Беларусі", валанцёры ініцыятыўнай групы святлана Ціханоўскай і іншыя людзі.

 

Мінск

У Мінску мусяць адбыцца суды над затрыманымі падчас і пасля нядзельнай акцыі ля Камароўскага рынку, а таксама над затрыманымі ў пятніцу прэвентыўна.

Вядома, што разгляд спраў палітыка Паўла Севярынца і сябра ініцыятыўнай групы Вольгі Кавальковай Валянціна Фралова пройдзе ў судзе Фрунзенскага раёна. Валянцін быў затрыманы перад пачаткам акцыі, а Павел — пасля, ужо каля дома. Валянцін Фралоў атрымаў 15 сутак арышту.

Затрыманых каля ГЦ "Сілуэт" Дзмітрыя Ражкова, Аляксея Вісцяжа, Іллю Латужку і Віталя Карніенку будуць судзіць праз Skype пасля 14.00 (суд Першамайскага раёна).

Затрыманую пасля акцыі на Камароўцы Вольгу Нікалайчык у судзе Першамайскага раёна асудзілі на 15 сутак.

У судзе Савецкага раёна Мінска Алегу Баброўскаму, сябру ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, далі 20 сутак арышту і штраф.

Віцебск

У Віцебску мусяць адбыцца суды над затрыманымі ў пятніцу Аленай Янушкоўскай, Алегам Паўлавым, Аляксандрам Якушковым. Таксама, верагодна, будуць судзіць Аляксандра Мацяюка — валанцёра ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую, які быў затрыманы 6 чэрвеня ўвечары.

 Алена Янушкоўская атрымала 40 базавых велічынь штрафу (1080 рублёў). Алег Паўлаў — 5 сутак арышту.



Гродна

Да вызваленага ў пятніцу з СІЗА Сяргея Калмыкова сёння раніцай прыехалі супрацоўнікі міліцыі і забралі у Ленінскі РАУС Гродна. Сказалі, што ён мусіць азнаёміцца з матэрыяламі адміністрацыйнай справы. Потым яго адвязуць у суд. Па крымінальнай справе, са словаў блізкіх Сяргея, ён праходзіць як сведка.

spring96.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: