«Адмовіліся браць нават туалетную паперу». Гомельскую актывістку асудзілі на трэція запар 15 сутак

«Міліцыянт заявіў, што ў іх ёсць нібыта дзесяць эпізодаў на дачку, і па кожным яны будуць даваць па 15 сутак», — расказала яе маці «Свабодзе».


Акцыя пратэсты ў гомельскай Новабеліцы

Акцыя пратэсты ў гомельскай Новабеліцы

Першыя 15 сутак Анастасія Перавошчыкава з Гомеля атрымала ў студзені. 6 лютага яна выйшла на волю. Праз два дні суд зноў пакараў яе арыштам на 15 сутак. Цяпер яе маці Алена даведалася, што 18 лютага дзяўчыну з ізалятара прывезлі ў суд і дадалі яшчэ 15 сутак.

Першы арышт ёй прысудзілі за здымак, знойдзены ў асабістай перапісцы. На ім быў «партызанінг» з бел-чырвона-белым сцягам. Таксама міліцыя знайшла ў ноўтбуку макет раённага сцяга «Навабеліца».

«Пры вобшуку шукалі гэты сцяг і не знайшлі. Калі я хадзіла ў міліцыю, мне заявілі, каб Анастасія ці аддала раённы сцяг, ці «здала», у каго ён, — апавяла маці Анастасіі. — Так і сказалі: «Хай аддасць сцяг!». Але яна не ведае, дзе той сцяг! На гэта мне міліцыянт заявіў, што ў іх ёсць нібыта дзесяць эпізодаў на дачку, і па кожным яны будуць даваць па 15 сутак».

Яна абурана такой сітуацыяй. Пра чарговыя суткі маці даведалася ад адваката. За што зноў судзілі Анастасію — невядома. «Наколькі я ведаю, за нейкі здымак са сцягам», — зазначыла маці.

Яна не атрымлівае ад дачкі лісты, хоць сама даслала ўжо пяць. Таксама для Анастасіі абмежавалі перадачы, кажа яна.

«Прынясу перадачу — і палову нясу назад. Гэта не бяром, тое не бяром... Хаця раней бралі. Адмовіліся браць нават туалетную паперу, пернікі, арэхі», — дадала жыхарка Гомеля.

У студзені дома ў Анастасіі Перавошчыкавай і яе 89-гадовага дзядулі — вэтэрана Вялікай Айчыннай вайны прайшлі «агляды памяшкання». Міліцыя забрала тэхніку і тэлефоны.

«Дзядуля Анастасіі, які ўзнагароджаны медалём за доблесную працу ў час вайны, у час якой ён хлопчыкам працаваў для перамогі над фашызмам, менавіта фашызмам назваў гэтае бязмежжа, якое цяпер адбываецца з яго унучкай», — падкрэсліла маці.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: