Адмову СК аб прыцягненні да адказнасці міліцыянтаў Дзмітрый Серада абскарджвае ў судзе

Больш за тры гады Дзмітрый Серада спрабуе прыцягнуць вінаватых у яго незаконным затрыманні і збіванні да крымінальнай адказнасці. За гэты час ён атрымаў восем адмоваў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць АМАПаўцаў. І столькі ж разоў праверка па ягонай справе аднаўлялася.



Днём 13 сакавіка ў судзе Партызанскага раёна г. Мінска пачаўся судовы разгляд скаргі Дзмітрыя Серады на адмову Следчага камітэта ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце незаконнага ўварвання ў кватэру мінчука і яго збіцця супрацоўнікамі АМАП пры затрыманні.

Працэс вядзе суддзя Наталля Дзядкова. Пракурор — Андрэй Бугук.

 

Пракурор — Андрэй Бугук 

Пасяджэнне пачалося з азнаямлення са скаргай заяўніка.

Раней, суд Партызанскага раёна ўжо прымаў рашэнне па аналагічнай скарзе мінчука. Тады суддзя Анатоль Барысёнак пастанавіў задаволіць заяўленыя патрабаванні Дзмітрыя Серады, пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў АУС адмяніць, а матэрыялы адправіць на дадатковую праверку.

Заяўленыя патрабаванні Дзмітрый Серада і яго абаронца цалкам падтрымліваюць. Бок заяўніка падкрэслівае, што заключэнне аб неправамернасці дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі і незаконнасці ўварванне ў яго кватэру было дадзенае яшчэ ў 2016 годзе. Аднак Следчым камітэтам неаднаразова выносіліся пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да прадстаўнікоў органаў унутраных спраў, якія відавочна перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы.

У верасні 2019 года суд Заводскага раёна задаволіў іск Дзмітрыя Серады аб кампенсацыі матэрыяльнай шкоды, і гэта рашэнне суда мае істотнае значэнне ў межах разгляду бягучай скаргі па наступных прычынах:

• суд устанавіў, што напад на кватэру Дзмітрыя Серады быў незаконным і не ажыццяўляўся ва ўмовах прафесійнай рызыкі для супрацоўнікаў міліцыі, як таго патрабуе закон;

• у выніку незаконных дзеянняў міліцыянтаў была нанесеная не толькі маёмасная шкода, але і шкода здароўю фізічнаму і псіхалагічнаму, у тым ліку жонцы і непаўналетняй дачцэ заяўніка;

• суд прыйшоў да высновы, што ў Дзмітрыя Серады былі зафіксаваныя не толькі сінякі, але і чэрапна-мазгавая траўма, што патрабуе правядзення дадатковай экспертызы аб ступені цяжкасці нанесеных цялесных пашкоджанняў;

• судом была ўстаноўленая прамая сувязь паміж супрацьпраўнымі дзеяннямі супрацоўнікаў міліцыі і наяўнасці нанесенай мінчуку шкоды.

На гэтай падставе Дзмітрый Серада лічыць, што неабходна дбайным чынам даследаваць рашэнне суда Заводскага раёна, а пасля гэтага даць ацэнку дзеянням супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у адпаведнасці з крымінальным заканадаўствам.

Бок заяўніка адзначае, што дзеянні міліцыі ў жніўні 2016 года падарвалі прэстыж органаў унутраных спраў не толькі ў вачах Дзмітрыя Серады, але і ў вачах грамадскасці, таму што справа мінчука мае шырокі рэзананс. На падставе ўсіх фактаў заяўнік просіць адмяніць пастанову следчага Кіслова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, правесці дадатковую праверку, даць належную ацэнку дзеянням оперупаўнаважанага Аляксандра Нушчыка.

«У дадзенай скарзе пазначана толькі частка парушэнняў закона, учыненых супрацоўнікамі органаў унутраных спраў. Як растлумачыць маё затрыманне на працягу двух сутак у РУУС Заводскага раёна і ізалятары часовага ўтрымання без прадастаўлення харчавання? Чаму мяне не праінфармавалі аб тым, у якім статусе я знаходжуся пры затрыманні? Да гэтага часу ніхто мне такой інфармацыі не прадставіў. МУС цалкам адмаўляецца прызнаваць, а тым больш адказваць за свае дзеянні», — заявіў Дзмітрый Серада ў судзе.

Пракурор запрасіў час для азнаямлення з рашэннем суда Заводскага раёна па пазове мінчука на кампенсацыю матэрыяльнага ўрону. Пасля чаго сказаў суду, што няма неабходнасці ў далучэнні гэтага рашэння суда, бо яшчэ ў 2016 годзе праводзілася праверка законнасці дзеянняў міліцыі, у дадатковай медыцынскай экспертызе таксама няма патрэбы. Андрэй Бугук лічыць, што скаргу Дзмітрыя Серады трэба пакінуць без задавальненне, а пастанову Следчага камітэта — без зменаў.

Суд вынесе рашэнне 16 сакавіка ў 10.20.

 

 

Нагадаем, раніцай 4 жніўня 2016 года ў кватэру Дзмітрыя Серады, выбіўшы ўваходныя дзверы і шкло балконных дзвярэй у кухні, уварваліся невядомыя ў масках, паклалі яго тварам у падлогу, заламалі рукі за спіну, апранулі кайданкі і, працягнуўшы збіваць ў спецаўтатранспарце, даставілі ў РУУС Заводскага раёна Мінска. Затрыманы быў дапытаны ў якасці падазраванага ў хуліганстве на падставе ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса і адпушчаны толькі на наступны дзень, паколькі ў следчага «адпалі падставы для далейшага ўтрымання яго пад вартай».

Больш за тры гады Дзмітрый Серада спрабуе прыцягнуць вінаватых у яго незаконным затрыманні і збіванні да крымінальнай адказнасці. За гэты час ён атрымаў восем адмоваў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць АМАПаўцаў. І столькі ж разоў праверка па ягонай справе аднаўлялася.

Мужчыне з дапамогай Праваабарончага цэнтра «Вясна» удалося дамагчыся матэрыяльнай кампенсацыі за нанесеную шкоду яго сям'і пры ўварванні ў жыллё: зламаныя ўваходныя дзверы, выбітае балконнае шкло, назіранне і лячэнне ў медыкаў.

spring96.org



 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: