Адрадзі ВКЛ: топ-5 камп’ютарных гульняў па гісторыі Беларусі

Любіце вывучаць гісторыю айчыны, а ў вольны час — адпачыць перад відэагульнёй? Прапануем вам пяць гістарычных камп’ютарных гульняў, якія пагрузяць вас у час Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і Другой Сусветнай вайны.


Europa Universalis IV

Глабальная стратэгія, у якой можна ўзначальніць амаль любую краіну, якая існавала з 1444 па 1821 год. ВКЛ як гульнявая дзяржава сустракаецца і ў мінулых частках серыі, але варта пагутарыць пра апошнюю — самую якасную і маштабную. Апроч дзяржавы ад Балтыйскага да Чорнага мора тут можна выбраць Рэч Паспалітую і нават стварыць Полацкае і Смаленскае княствы.

Нейкай канкрэтнай мэты ў гульні няма. Трэба развіваць сваю дзяржаву праз сацыяльна-эканамічныя і ваенна-палітычныя фактары: будаваць цэха і мануфактуры, гандляваць з іншымі краінамі, развіваць навуку, утвараць саюзы і дынастычныя шлюбы, ствараць моцнае войска і эфектыўны флот. Па змаўчанні краіны, якімі кіруе камп’ютар, паводзяць сябе ў межах гісторыі і балансу: туркі бяруць Балканы, Масква ваюе з татарамі і Ноўгарадам, Іспанія каланізуе Новы свет. Але лёгка перапісаць гісторыю. Напрыклад, гуляючы за ВКЛ, можна навязаць Польшчы свой Люблінскі сойм, захапіць Масковію, або нават першым заснаваць калонію на Манхэтане.

«Казакі»

Легандарная серыя стратэгій у рэальным часе ўкраінскай кампаніі GSC Game World. Перад гульцом — гісторыя Еўропы XVII – XVIII стагоддзяў і, адпаведна, можна гуляць як за Рэч Паспалітую, так і за Запарожскую Сеч. У адрозненні ад Europa Universalis у «Казаках» акцэнт ставіцца не на глабальную мапу, а на стратэгію пад час адной бітвы. У дадатку «Зноў вайна» да першай частцы прысутнічае сюжэтная лінія Рэчы Паспалітай, дзе па-сапраўднаму можна акунуцца ў гісторыю дзяржавы беларусаў, палякаў і літоўцаў таго часу.

Мэта гульні — стварыць базу, здабываць рэсурсы, наймаць войска і перамагчы суперніка. Без тактычнай расстаноўцы не абысціся. Баявыя атрады сканструяваныя гістарычына і падзяляюцца на некалькі тыпаў: пяхота, кавалерыя, артылерыя і флот. Гульцы кіруюць войскам і змагаюцца паміж сабою з мэтай разгрому ворага і знішчэння яго базы. Адначасова ў баі можа сысціся да 32 тысяч юнітаў. У залежнасці ад мэтаў місій і рэжыму гульні заданні могуць адрознівацца. Гуляць можна супраць штучнага інтэлекта або анлайн з жывымі людзьмі.


Medieval 2: Total War — Kingdoms

Гэтая частка серыі пакрокавых глабальных страрэгій Total War прысвечана Сярэдневеччу. Гульня сумяшчае элементы Europa Universalis (глабальная мапа, вядзенне эканомікі, развіццё навукі, дыпламатыя) і «Казакі» (баі ў рэальным часе, кіраванне юнітамі падчас бітвы). Перад гульцамі стаіць выбар паміж буйнымі дзяржавамі Еўропы і Бліжняга Усходу XI – XVI стагоддяў. Тут таксама можна перапісаць гісторыю: ісламізаваць Еўропу ці адстаяць існаванне Візантыі.

Увазе для нашай гісторыі прысвечаны дадатак да гульні пад назвай Kingdoms. З ім дадаецца цэлая кампанія за Вялікае Княства Літоўскае. Гульня пачынаецца з 1250 года — прыкладнай даты стварэння дзяржавы, а князь — рэальная гістарычная асоба, Міндоўг. Асноўная мэта кампаніі паўтараецца з гісторыяй — не даць захапіць сябе суседнім ворагам: Тэўтонскаму ордэну, Залатой ардзе або Масковіі, заключыць Крэўскую ўнію з Польшчай і перамагчы крыжакоў пад Грунвальдам. Але, паколькі гэта гульня, ніхто не ў праве забараняць пісаць сваю гісторыю беларускага Сярэдневечча і, напрыклад, захапіць Польшчу ці нават увесці праваслаўе на нямецкіх землях.


«Аперацыя Багратыён»

Стратэгія ў рэальным часе па гісторыі аднайменнай ваеннай кампаніі савецкай арміі на тэрыторыі Беларусі ўлетку 1944 года. Гульню распрацавала вядомая беларуская кампанія Wargaming.

Падобна «Казакам» «Аперацыя Багратыён» — таксама даволі маштабная стратэгія. Тут адначасова можна кіраваць звыш паўтысячай салдатаў, некалькімі дзясяткамі танкаў і артылерыяй. Важны ўплыў у гульні робіцца на тактыку. Пад час бітвы гульцу патрабуецца засвоіць цэлы шэраг тактычных прыёмаў: ад лабавых танкавых нападаў і флангавых прарываў да манёўраў і вылазак у тыл ворага і загнанне яго ў «кацёл». Такая стратэгія і стала адметнай асаблівасцю беларускай наступальнай аперацыі. У любы момант гулец можа паставіць паўзу, падумаць аб новай тактыцы і даць распараджэнні сваёй камандзе. Кінематаграфічная камера можа па-сапраўднаму заглыбіць гульца ў атмасферу бітвы і зрабіць яго на гэты момант рэжысёрам ваеннага фільма.

Апроч кампаніі за Савецкую армію прысутнічае сюжэтная гульня за Вермахт. Праўда, моцна перапісаць гісторыю і захапіць Маскву не атрымаецца. Акрамя сюжэтнай кампаніі ў «Аперацыі Багратыон» маецца рэжым хуткіх бітваў супраць камп’ютара і анлайн.

Гісторыкі добра ацанілі стратэгію за праўдападобную і рэалістычную рэканструкцыю падзей тых часоў, тэхнікі і механікі гульні. Менавіта пасля поспеху «Аперацыі Багратыён» Wargaming выпусціў самую знакамітую айчынную гульню — World of Tanks.


«Mount & Blade. Агнём і Мечам»

Адзіная ў нашым аглядзе не стратэгія, а ролевая гульня ўкраінскай студыі «СічЪ». Сюжэт «Mount & Blade. Агнём і Мечам» напісаны паводле аднайменнага гістарычнага рамана Генрыха Сянкевіча. Перад гульцамі — тэрыторыя сучаснай Беларусі, Украіны, усхода Польшчы, захаду Расіі, краін Балтыі сярэдзіны XVII стагоддзя.

Галоўнаму герою, шляхцічу, ставіцца выбар: стаць на адзін з бакоў вялікіх дзяржаў: Рэчы Паспалітай, Запарожскай Сечы, Масковіі, Швецыі, Крымскага Ханства. Для першых трох краінаў у гульні адведзена сюжэтная кампанія па гісторыі Паўночнай (1655 – 1660 гг.) і Трынаццацігадовай вайны (1654 – 1667 гг.).

Гульня за Рэч Паспалітую распавядае гісторыю, заснаваную на рамане ўсё таго ж Сянкевіча «Патоп». Гулец вымушаны дапамагчы шляхце Рэчы Пасталітай з’яднацца і вызваліць краіну ад шведскай акупацыі. Далей прыйдзецца дапамагаць крымскім татарам ды разграміць маскоўскае войска і паспрабаваць вярнуць украінскія землі. Калі вы не прыхільнік польскай гегемоніі, можна падняць паўстанне пад кіраўніцтвам Януша Радзівіла і тым самым захапіць трон.

Атмасфера «Mount & Blade. Агнём и Мечам» сапраўды акунае ў тыя часы. У гульні можна пазнаёміцца з дзясяткамі гістарычных асобаў, зброяй, прадметамі побыту. Тут кожны здолее паўдзельнічаць у шматлікіх войнах, бітвах і захопах замкаў. Бадай, менавіта гэтую гульню можна назваць адным з лепшых даведнікаў па гісторыі Беларусі сярэдзіны XVII стагоддзя.


Бонус: Civilization VI

У апошняй частцы самай вядомай пакрокавай стратэгіі дадалі гульню за Польскую нацыю і ўнікальную яе асаблівасць — Літоўскі Саюз. Хоць Civilization VI цяжка назваць гістарычнай, але тут прысутнічае сцэнар з літоўскай і валынскай шляхтай ды крылатымі гусарамі. У гульні ёсць і такія гістарычныя асобы, як Канстанцін Астрожскі і Мікалай Радзівіл.


Абмеркаванне:

  • Алег
  • 2018-01-15 17:19:33
Дзякуй за артыкул! А б дадаў да гэтага спіся яшчэ гістарычную стратэгію "Total War Attila". Шчыра кажучы, яна не пра ВКЛ, а пра падзеі ў Еўропе у IV-VI ст. Але калі пачынаць гуляць за венедаў, то першая сталіца - Полацк і даюцца землі сучаснай Беларусі. Магчыма венедаў прывесці пад час вялікага перасялення народаў хоць у Брытанію, хоць у Гішпанію, хоць у Егіпет)))

Каментаваць