«Адразу сказалі, куды яму ісці з гэтым лістом». Рабочыя БМЗ адмаўляюцца падпісвацца супраць санкцый

БМЗ абвесціў аб зборы подпісаў пад адкрытым лістом да замежных партнёраў з просьбай не ўводзіць санкцыі супраць жлобінскага прадпрыемства. «Моцныя навіны» даведаліся, як кіраўніцтва тлумачыць металургам матыў «антысанкцыйнай кампаніі» ва ўмовах таго, што «завод па-за палітыкай».

У рэдакцыю звярнуліся адразу некалькі чытачоў — работнікаў БМЗ. Усе яны распавялі, што ў іх падраздзяленні ўжо прыносілі «паперу» з просьбай ці нават патрабаваннем падпісацца.

У афіцыйнай заяве прадпрыемства гаварылася, што подпісы будуць збіраць у структурных падраздзяленнях і ў прафкаме. Так і ёсць — з работнікамі «гатовыя прапрацаваць пытанне» усе звёны кіруючага складу, а таксама праўладны прафкам.

— Хвілін 40 над намі стаяў старэйшы майстар з просьбай падпісаць ліст, хоць мы яму адразу сказалі, куды ён можа ісці з гэтым лістом, — распавядае рабочы аднаго з падраздзяленняў БМЗ. — Ён спрабаваў даказаць, што гэта «зусім не палітыка». Маўляў, папярэдні ліст — так, тычылася палітыкі, а гэты — не. Затым у ход пайшло: «Ну, калі ласка, гэта ўсё роўна нічога не вырашае, тым больш, ад вашых чатырох-пяці подпісаў нікому не стане ні холадна, ні горача». Тады мы парыравалі: «Дык навошта іх выпрошваць, калі яны нічога не вырашаюць?». Ён зноў: «Ну вы зразумейце, «нацягнуць» мяне, потым начальніка цэха, а ён — зноў мяне, а я — вас».

Тады рабочыя ўдакладнілі «а што, завод ужо не па-за палітыкай?» На што начальнік, па іх словах, заявіў, што ім розніцы быць не павінна. «Завод дае вам працу, і вы павінны яму дапамагаць у складаныя моманты. А калі заказаў у нас не будзе, завадчане застануцца без заробкаў. А я хачу 100-працэнтную прэмію», — перадаюць словы начальніка БМЗаўцы.

— Мы адказалі, што замовамі хай займаюцца маркетолагі — гэта іх праца. І мы заводу нічога не павінны, ён нам заробак плаціць не за проста так, а за працу, і вельмі цяжкую працу. Таму гэта яшчэ хто каму павінен, — успамінаюць дыялог са старэйшым майстрам металургі.

Ён сышоў, але праз паўгадзіны вярнуўся, спытаць ці не перадумалі. Адказ быў відавочны, таму праз некаторы час да рабочых прыйшоў ужо начальнік «рангам» ніжэй — майстар. Са слоў жлобінчан, ён пачаў распавядаць, за што могуць звольніць кожнага з прысутных у памяшканні: «Пару талонаў — і вылеціце адсюль». Металургі пажадалі майстру ўдачы.

Падобную рэакцыю сустрэла начальства яшчэ ў адным цэху. Там у актавай зале сабралі калектыў дзяжурнай змены — чалавек 30-40. Начальнік на «планёрцы» зачытаў тэкст ліста і растлумачыў для чаго гэта трэба.

— Нешта прабубнеў сабе пад нос, — перадаюць падрабязнасці гісторыі відавочцы. — А затым падняў на нас вочы. Нехта з залы запытаў: гэта ўсё? Ён кіўнуў галавой. Той чалавек тады падняўся з месца і пайшоў да выхаду. Яго прыкладу рушылі ўслед астатнія. Так начальнік і застаўся адзін у той зале з лістком у руках.

— А ў нашым цэху «цішком» усё праходзіць. У кабінет да начальніка выклікаюць толькі тых, у кім упэўненыя, што падпішуць, — распавёў яшчэ адзін завадчанін. — На ўсеагульнае абмеркаванне гэтае пытанне ставіць баяцца.

— Да нас прыйшоў майстар, сказаў: вось у прафкаме далі паперу, чытайце, падпісвайце. Хто «ябацька» — той падпісвае. Хто ў тэме (а такіх, на жаль, адзінкі) — ігнорыць, — каментуе збор у сваім падраздзяленні яшчэ адзін работнік БМЗ.

Ад кагосьці на заводзе нават хаваюць лісты — каб не бачылі, хто там ужо падпісаўся, распавяла адна завадчанка.

Але ёсць і цэхі, дзе «падпісная кампанія» праходзіць спакойна: начальнік на зменна-сустрэчным сходзе «вельмі карэктна прапанаваў паставіць подпісы». Ніякага ціску, кажуць работнікі гэтага падраздзялення, не было.

«Да суботы сказалі сабраць», — казалі пры гэтым начальнікі практычна ў кожным цэху, распавялі жлобінскія металургі.

Нагадаем, са жніўня мінулага года з БМЗ звольнілі больш за 30 чалавек, якія ўступілі ў стачку альбо актыўна праяўлялі сваю грамадзянскую пазіцыю. Акрамя таго, у лютым у Жлобіне асудзілі трох работнікаў БМЗ за страйк 17 жніўня, прысудзіўшы іх да рэальных тэрмінаў — да 3 гадоў калоніі.

Нядаўна звольненыя металургі запісалі відэазварот, за што кожнага пасля пакаралі адміністрацыйным арыштам. На гэты  свае 15 сутак адбывае экс-завадчанін Дзмітрый Шашкоў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: