Адседзецца — не ўдасца: у 1937-м сведкаў не пакідалі

Учора першы раз не патрапіла на нядзельны марш. У раёне Нававіленскай наша калона ў некалькі тысяч людзей папала пад разгон (відэа ёсць у сеціве), а потым было некалькі спробаў прарвацца праз кардоны — не ўдалося.
Ілюстрацыйнае фота, затрыманні 13 верасня, Дзмітрый Дзмітрыеў

Ілюстрацыйнае фота, затрыманні 13 верасня, Дзмітрый Дзмітрыеў


У дварах, куды нас загналі амапаўцы, усе (УСЕ!) дзверы ў пад'ездах былі адчыненыя. Гэта ратуе ад карнікаў такіх, як я, хто не ўмее хутка бегаць і добра біцца. Паглядзеўшы ўвечары здымкі і рэпартажы з асноўных падзей, парадавалася, што некалькі тысячных клонаў, якіх не пусцілі, — гэта кропля ў моры, нават не заўважна на агульнай карцінцы. Нас рэальна мора, а іх — кроплі.  

Галавой разумею, што ад мяне мала толку. Трэба пратэставаць не сілай, а розумам, прыдумаць нешта дзейнае і рабіць. Але наступны раз зноў пайду. Бо калі цяпер здацца і далей рабіць праграмы для настаўнікаў, як раней, значыць прызнаць, што нічога не змянілася, і ад гэтых праграмаў няма ніякага толку. Цяпер проста немагчыма не зрабіць выбар. Вярнуцца да будзённай працы і дзюбаць па-ціху тое, што дзюбалі шмат год паўпадпольна — гэта значыць рабіць выгляд, што нічога страшнага, што нашых дзяцей калечаць — кожны дзень па паўтысячы, што пачалі спачатку знішчаць моладзь — хапалі хлопцаў, цяпер масава садзяць дзяўчатак, якія не нараджалі, каб трымаць іх у холадзе і інфекцыях, потым дабяруцца да ўсіх астатніх. Хто думае адседзецца — не ўдасца. Пад нож лукашэнкаўскай машыны пойдуць і сведкі яго злачынстваў — сябры камісій, выканаўцы катаванняў. Узгадайце 1937-мы. Сведкаў не пакідалі.

Калі цяпер створаны невыносныя ўмовы для сумленных настаўнікаў, адбываецца іх выцясненне, замяшчэнне халуямі, то ніякага толку ад праграм ТБШ і іншых форумаў "давайце пагаворым пра методыкі і павесялімся" — не будзе. Для каго яны, гэтыя праграмы? Калі не застанецца ў школах нармальных настаўнікаў, пра якія методыкі гаворка? Для каго тыя методыкі, калі праз паўгода, калі цяпер не дадушым дыктатуру, дзяцей нармальныя людзі вывезуць за мяжу, каб уратаваць, а ў краіне застануцца толькі алкашы і пенсіянеры? Каго будзем вучыць, людзі?

facebook.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: