Маўчанне пад страхам ШІЗА: як хварэюць на COVID-19 у турмах Беларусі

Што вядома пра выпадкі каронавіруса ў месцах зняволення? Як пенітэнцыярная сістэма змагаецца з інфекцыяй? І якія наступствы для эпідэміялагічнай сітуацыяй мелі паслявыбарчыя арышты?
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Ахвяры паслявыбарчага «хапуна» распавядалі мноства гісторый пра тое, што ў ізалятары на Акрэсціна ў Мінску колькасць людзей у камерах шматкроць перавышала тую, на якую яны былі разлічаныя. На супрацьэпідэміялагічныя меры там ніхто не звяртаў увагі. І калі на ўчастках для галасавання ўвялі абмежаванні для незалежных назіральнікаў, то ў ізалятары нікога не цікавіла, што сацыяльная дыстанцыя не вытрымліваецца, а сродкаў індывідуальнай абароны няма.
Паводле афіцыйных звестках Міністэрства аховы здароўя, па стане на 18 верасня ў Беларусі:

усяго захварэлі на каронавірус — 75 230 (+243 за суткі)
выздаравелі — 73 098 (+131)
памерлі — 773 (+2)
зроблена тэстаў — 1 700 790 (+14 572)

Таму не выклікаюць здзіўлення сведчанні людзей, якія захварэлі на каронавірус пасля вызвалення. Колькі такіх выпадкаў — вызначыць немагчыма, як і тое, які маштаб набыло распаўсюджванне інфекцыі пасля затрыманняў актывістаў.  

Праваабаронца: пасля затрыманняў — новая ўспышка хваробы


Пенітэнцыярная сістэма Беларусі абсалютна закрытая, атрымаць інфармацыю аб эпідэміялагічнай сітуацыі ў месцах зняволення не могуць не толькі праваабаронцы, але і сваякі асуджаных, не гаворачы ўжо пра шырокую грамадскасць.

Турма ў Слуцку

Турма ў Слуцку

Васіль Завадскі, кіраўнік праваабарончай арганізацыі «ТаймАкт», якая канцэнтруецца на абароне правоў людзей у турмах, са спасылкай на свае крыніцы распавядае, што затрыманні людзей на акцыях пратэсту ў эпідэміялагічным плане не прайшлі бясследна для некаторых месцаў пазбаўлення волі. Вядома, што многіх адміністрацыйна затрыманых звозілі ў пенітэнцыярныя ўстановы, напрыклад, у ЛПП пад Слуцкам, калоніі ў Івацэвічах і Бабруйску, СІЗА №8 у Жодзіна. Па інфармацыі праваабаронцы, пасля гэтага ў калоніі №5 у Івацэвічах паўторна палыхнуў каронавірус. Вядома, што як мінімум тры лакальныя ўчасткі, кожны з якіх уключае па два атрады, цяпер закрытыя на каранцін праз інфекцыю. Гэта прыкладна чацвёртая частка калоніі.

— Кожны дзень адтуль вывозяць людзей у дрэнным стане, самі асуджаныя не ведаюць, куды. Маме аднаго са зняволеных сказалі, што іх адвозяць у Баранавічы ў грамадзянскую бальніцу, бо ў Івацэвічах шпіталь вельмі маленькі. Даволі шмат людзей вывозяць на штучную вентыляцыю лёгкіх. Але ў мяне ёсць спадзяванне, што грамадзянская медыцына прыйдзе на дапамогу, бо яна ўжо мае і досвед, і тэхніку, і спецыялістаў.

Васіль Завадскі перакананы, што змяшчэнне вялікай колькасці людзей у маленькія памяшканні, як гэта адбывалася пры затрыманнях, нясе высокую рызыку распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі, дый іншых інфекцый таксама, на волі пасля іх вызвалення.

Акцыя «Мая камера», арганізаваная вязнямі ЦІП на Акрэсціна на плошчы Перамогі ў Мінску 22 жніўня. Экс-арыштанты намалявалі на асфальце контуры камеры, разлічанай на 6 чалавек, і ўсталі туды разам, у колькасці 50-і вязняў, як і было на самай справе.

Акцыя «Мая камера», арганізаваная вязнямі ЦІП на Акрэсціна на плошчы Перамогі ў Мінску 22 жніўня. Экс-арыштанты намалявалі на асфальце контуры камеры, разлічанай на 6 чалавек, і ўсталі туды разам, у колькасці 50-і вязняў, як і было на самай справе.


«Сістэма закрылася»


Арганізацыі «ТаймАкт» з самага пачатку пандэміі каронавіруса ў Беларусі звярталася ў Дэпартамент выканання пакаранняў з запытамі аб сітуацыі з COVID-19 у беларускіх пенітэнцыярных установах, а таксама з прапановамі дапамогі. Васіль Завадскі, сам у мінулым турэмны лекар, нават гатовы быў зноў пайсці працаваць у месцы пазбаўлення волі, паколькі медыкаў у гэтай сістэме катастрафічна не хапае нават пры адсутнасці эпідэміі.

— Але сістэма, як звычайна, закрылася, прыходзілі адказы, што ўсё ідзе згодна з планам і ніякіх праблемаў не існуе. Таксама мы прапаноўвалі публікаваць прэс-рэлізы хаця б некалькі разоў на месяц з інфармацыяй пра тое, што адбываецца. Калі ўсё добра — напішыце, што ўсё добра.

Без адказу засталіся адкрыты ліст арганізацыі «ТаймАкт», а таксама зварот да кіраўніцтва Дэпартамента выканання пакаранняў, накіраваны 3 красавіка па электроннай пошце.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Не маючы доступу да афіцыйных звестак, праваабаронцы знаходзяць інфармацыю пра сітуацыю з каронавірусам у турмах ад сваякоў асуджаных, а таксама з іншых крыніц, якія не хочуць раскрываць.

— Безумоўна, выпадкі былі ў розных установах. Але складана гаварыць пра тое, ці рабілася наогул дыягностыка. Вядома, што хварэлі і супрацоўнікі, і зняволеныя, але ці быў гэта каронавірус, ці рабіліся абследаванні — мы такога не ведаем. Але, дзякуй Богу, летальныя выпадкі калі і былі, то яны не былі масавымі. Але мы бачым, што робіцца на волі, калі чалавека хаваюць пад тым ці іншым дыягназам, таму няма падставаў думаць, што ў зняволенні сітуацыя адрозніваецца, — гаворыць Васіль Завадскі.

Інфекцыя трапляе ў месцы няволі пераважна праз супрацоўнікаў


Суразмоўца распавёў, як хварэюць людзі на зоне. Падчас сваёй практыкі ён заўважыў адну асаблівасць, прыроду якой яшчэ трэба даследаваць: ёсць калоніі, дзе амаль ніхто не хварэе, а ёсць такія, дзе хварэюць амаль усе.

— Я працаваў у калоніі ў Навасадах на 2 000 чалавек. У медчастцы там можна было размясціць максімум 40 чалавек. Ну, можна «ўвапхнуць» 60. А хварэюць — 1 500. Таму яны хварэюць па атрадах. Калі нешта цяжкае — могуць вывезці ў рэспубліканскую ці грамадзянскую бальніцу. Было такое, што, калі шмат хварэлі ў атрадзе на грып, мы прыходзілі і раздавалі лекі, каб людзі не хадзілі і не разносілі інфекцыю. Я думаю, што ў сітуацыі з каронавірусам механізм не будзе моцна адрознівацца, адзінае, што хвароба можа працякаць значна цяжэй і патрабаваць спецыяльнай дапамогі. Напрыклад, на ўсю пенітэнцыярную сістэму Беларусі ўсяго 1-2 апараты ШВЛ. Ясна, што ў звычайных калоніях іх няма, а калі б і былі, то няма спецыялістаў, якія ўмелі б імі карыстацца.

Васіль Завадскі кажа, што ў закрытыя пенітэнцыярныя ўстановы вірус трапляе пераважна праз супрацоўнікаў. Традыцыйныя каранцінныя мерапрыемствы — забарона спатканняў і спыненне этапаванняў — могуць зменшыць рызыку трапляння інфекцыі хіба на 10% са 100%. Бо супрацоўнікі ўсё роўна працягнуць хадзіць дадому, наведваць грамадскія месцы, а потым будуць вяртацца ў калоніі.


«Новы Час» папрасіў спецыяліста пракаментаваць захады, якія ўжывалі некаторыя краіны, каб не дапусціць распаўсюджвання COVID-19 у турмах, — гаворка ідзе пра датэрміновае вызваленне альбо перавод пад хатні арышт.

— Мы такія прапановы ўносілі. Якраз быў закон аб амністыі прыняты — ну, давайце, хутчэй рэалізуйце гэты закон! Гэта не спыніла б інфекцыю — усё роўна гэтыя людзі прыйшлі б у грамадства. Але гэта такі акт гуманнасці: у месцах пазбаўлення волі людзі, безумоўна, не маюць такога доступу да медычнай дапамогі, як на волі. Але з боку рэжыму — уладаў у нас няма — стаўленне да чалавека праяўляецца на ўсіх узроўнях, і зняволеныя тут на апошнім месцы.


Хаваць звесткі пра сітуацыю з COVID-19 — незаконна


У Беларусі папраўчыя калоніі закрылі для наведванняў у сярэдзіне сакавіка. Гэта ўскладніла доступ да даставернай інфармацыі аб сітуацыі з COVID-19 у месцах зняволення, бо родныя маглі звязвацца з асуджанымі толькі па тэлефоне, праз які немагчыма было перадаць нейкія звесткі: супрацоўнікі слухаюць і не даюць нешта сказаць. Праваабаронца Вікторыя Фёдарава ў каментары «Новаму Часу» зазначыла, што гэта незаконна, паколькі парушае права на доступ да інфармацыі, гарантаванае артыкулам 34 Канстытуцыі.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

З лістоў, якія сваякі атрымлівалі з некаторых калоній, можна было зрабіць выснову, што хварэла шмат людзей, але ў асноўным — у лёгкай форме. У прыватнасці, пра гэта падчас анлайн-сустрэчы казалі актывісткі руха «Маці 328», чыіх дзяцей асудзілі па «наркатычным» 328 артыкуле Крымінальнага кодэкса.

Лекары, якіх выклікалі ў ЦІП на Акрэсціна

Лекары, якіх выклікалі ў ЦІП на Акрэсціна

Паводле словаў адной з актывістак па імені Жанна, у калоніі №13 (знаходзіцца ў Глыбокім Віцебскай вобласці) напачатку распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі было выдзелена памяшканне для людзей з прыкметамі ВРВІ.

Што тычыцца астатніх калоній — жанчына падкрэсліла, што гэтыя звесткі са словаў і не маюць стоадсоткавай дакладнасці — там напачатку таксама выдзялялі асобныя памяшканні, куды змячшчалі меркавана хворых на каронавірус, а пасля перасталі гэта рабіць і пакідалі іх у атрадах, але проста не давалі кантактаваць: напрыклад, не выпускалі ў прамзону, а проста пакідалі ў памяшканні, і так у іх праходзіў каранцін.

Па словах жанчыны, у Гродна на жаночай «хіміі» быў выпадак, калі дзяўчына захварэла, у яе ўзялі аналіз, а пасля гэтага зрабілі тэсты ўсім асуджаным — аказалася, што ўся «хімія» была заражаная каронавірусам, але ўсе перанеслі яго ў лёгкай форме. Маці асуджаных звязваюць гэта з тым, што, у асноўным, сядзяць досыць маладыя людзі.
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Праваабаронцам вядома пра адну смерць зняволенага меркавана ад каронавіруса


Праз цяжкасці з доступам да інфармацыі доўгі час не было вядома пра тое, ці ёсць у калоніях ахвяры каронавіруса. Аднак у ліпені праваабаронцы змаглі высветліць, што ў магілёўскай ПК-15 малады хлопец, меркавана, з 14-га атрада, памёр у медізалятары прыкладна праз два тыдні пасля выяўлення сімптомаў прастуды. Аднак адміністрацыя ў заключэнні аб смерці напісала дыягназ «сардэчная недастатковасць». Многія з тых, хто працаваў разам з памерлым, таксама падхапілі хваробу, сімптомы якой нагадвалі COVID-19.
Івацэвічы

Івацэвічы

Улічваючы, што асуджаныя жывуць у памяшканнях на 18-25 чалавек (усяго ў калоніі адбываюць тэрмін прыкладна 2700 чалавек), вірус распаўсюдзіўся імгненна. Досыць вялікая колькасць зняволеных прызналіся сваякам, што перахварэлі нейкім прастудным захворваннем, ад якога часова знікаў нюх, аднак тэст на каронавірус ім не рабілі.

Дзякуючы працы ў ПК-15 камісіі па амністыі адтуль выпускаюць на волю досыць шмат людзей — некалькі дзясяткаў у тыдзень. Вярнуўшыся дадому, адзін з былых вязняў зрабіў платны аналіз на каронавірус, і ў яго былі выяўленыя антыцелы. Гэта значыць, што будучы ў калоніі ён усё ж перахварэў.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Яшчэ адна актывістка руху «Маці 328» Марына Уладыка распавядала, што ў папраўчай калоніі №3 (Віцьба) некалькі атрадаў былі на каранціне, але пра COVID-19 забаранялі казаць пад страхам ШІЗА. Былі захворванні і ў іншых калоніях: ПК-15 (Магілёў), ПК-2 (Бабруйск), ПК-4 (жаночая калонія, Гомель), ПК-3, ПК-13.

Турма ў Бабруйску

Турма ў Бабруйску

Маці распавядалі, што калі ўсе сталі шыць ахоўныя маскі, зняволеныя ў калоніях таксама пачалі гэта рабіць, яны працавалі ў тры змены, але заробкаў за гэта не атрымалі.

З пачаткам пандэміі асуджаным былі прадугледжаны дадатковыя прадуктовыя перадачы вагой да 10 кг. На месяц вязням дазволена было дасылаць «каранцінную» пасылку з пяці найменняў: цыбуля, часнок, яблыкі, апельсіны, лімоны, а таксама вітаміны. А вось у ізалятары часовага ўтрымання (у прыватнасці, у Мінску) з прычыны каронавіруса нейкі час адмаўляліся прымаць перадачы, але ў сярэдзіне чэрвеня прыём перадачаў аднавілі. Іх можна перадаваць праз вакно, у пальчатках і абавязкова — у масках.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Кароткатэрміновыя спатканні ў пенітэнцыярных установах Беларусі аднавіліся з 1 жніўня. У Дэпартаменце выканання пакаранняў МУС Беларусі адзначылі, што своечасовае абмежаванне наведванняў і прыпыненне спатканняў дазволілі мінімізаваць пагрозу распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі ў падведамасных установах.
Калонія ў Паставах

Калонія ў Паставах

Паведамляецца, што цяпер санітарна-эпідэміялагічная сітуацыя ў калоніях і ЛПП стабільная і знаходзіцца пад кантролем. Аднак патрабаванні пра выкананне ўсіх неабходных прафілактычных мерапрыемстваў захоўваюцца. У прыватнасці, наведвальнікі, якія прыходзяць на кароткатэрміновыя спатканні, павінны быць у масках. Асоб з тэмпературай або відавочнымі сімптомамі рэспіраторнага захворвання на тэрыторыю ўстановы не пускаюць. Забаронены і пропуск грамадзян, якія адмаўляюцца ад вымярэння тэмпературы.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: