Адвакат Бабарыкі Дзмітрый Лаеўскі атрымаў вымову ад дысцыплінарнай камісіі

Як распавёў калега Лаеўскага адвакат Яўген Пыльчанка, цяпер будзе ўлічвачцца, што ў Лаеўскага ўжо ёсць дысцыплінарнае спагнанне. Гэта можа прымацца да ўвагі, калі будзе чарговая атэстацыя альбо іншыя працэдуры, распавядае «Свабода».
Дзмітрый Лаеўскі і Сяргей Зікрацкі

Дзмітрый Лаеўскі і Сяргей Зікрацкі

Увечары 8 красавіка абаронцу шэрагу палітвязняў Дзмітрыя Лаеўскага выклікалі на дысцыплінарную камісію Мінскай гарадской калегіі адвакатаў. Цяпер ён абараняе Віктара Бабарыку і свайго калегу Максіма Знака.

«Ніколі раней у дачыненні да мяне дысцыплінарных вытворчасцей не пачыналі. Аднак я перакананы: складу правіны няма, калегі змогуць у гэтым разабрацца. Аніводнае маё выказванне не мела на мэце прычыняць крыўду, не тычылася ацэнкі дзейнасці іншых адвакатаў або іх якасцей. Разважаў я аб прававым рэгуляванні адвакатуры, якое лічу неналежным, не кажучы ўжо аб праекце закона, які можа пазбавіць мяне права весці абарону кліентаў па крымінальных справах», — адзначыў Дзмітрый Лаеўскі перад паходам на пасяджэнне.

На яго думку, абсалютна нармальна, калі адвакаты выказваюцца пра нейкія падзеі, асабліва пра будучыя змены ў заканадаўстве.

Адвакат выказваў спадзяванне, што ўсе яго аргументы маюць пад сабой падставы і будуць аб’ектыўна ўспрынятыя. Пры гэтым выказаў падзяку калегам, якія накіравалі ў дысцыплінарную камісію пісьмовыя думкі пра тое, што ў яго выказваннях не было нічога заганнага.

У сакавіку Міністэрства юстыцыі распачало масавую атэстацыю адвакатаў. На камісію выклікалі больш за 20 чалавек, якія не хавалі сваёй актыўнай пазіцыі. Тады атэстацыю прайшлі толькі трое. Яшчэ шасцёра атэставаныя ўмоўна. Астатніх 11 пазбавілі адвакацкіх ліцэнзій, у іх ліку і вядомага юрыста Сяргея Зікрацкага.

24 сакавіка рада калегіі адвакатаў пачала дысцыплінарную вытворчасць у дачыненні да Дзмітрыя Лаеўскага. Падставай паслужылі яго допісы пра нязгоду з праектам змен у заканадаўства аб адвакатуры.

Дзмітрый Лаеўскі — адвакат палітзняволеных Віктара Бабарыкі і Максіма Знака. У 2011 годзе таксама абараняў Алеся Бяляцкага, які падпаў пад крымінальны пераслед.

Пры канцы 2020 года Міністэрства юстыцыі пазбавіла ліцэнзіі адвакатаў Марыі Калеснікавай — Аляксандра Пыльчанку і Людмілу Казак. Акрамя таго, ліцэнзій былі пазбаўленыя адвакаты Юлія Леванчук, Канстанцін Міхель, Міхаіл Кірылюк, Максім Конан ды іншыя.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: