Адвакат Яна Салановіча: проста выставілі з ЦІПу ўвечары — ідзі гуляй. Суд яго не вызваляў


Палтівязня Яна Салановіча адпусцілі з Акрэсціна нечакана – увечары 25 студзеня патэлефанавалі ягонай маці і сказалі, каб прыязджала па сына. Са словаў Дзмітрыя Пігуля, адваката хлопца, Яну не выдалі на рукі ніякіх дакументаў аб вызваленні, толькі квітанцыю на аплату адбытых сутак. Сям’я Салановічаў і адвакат у разгубленасці і не ведаюць, чаго чакаць далей. Хоць абаронца і падаваў скаргі ў Мінскі гарадскі суд, пастановы аб арышце не былі скасаваныя, паведамляе «Белсат».

Суд не вызваляў Яна

21-гадовы мінчанін Ян Салановіч — рэкардсмен у пакараннях арыштам за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах (артыкул 23.34 КаАП РБ).

Хлопца затрымалі 1 лістапада на праспекце Незалежнасці, судзілі восем разоў і далі агулам 114 сутак арышту. Ян — адзіны з асуджаных паводле адмінстратыўнага артыкулу, каго праваабаронцы прызналі палітвязнем.

У размове з «Белсатам» на пачатку года Вольга Салановіч, мама Яна, распавядала, што вызваленне мае адбыцца 23 лютага. Але доўгачаканая сустрэча з сынам здарылася амаль на месяц раней — Яна вызвалілі 25 студзеня.

Спадарыня Вольга адмовілася каментаваць сітуацыю. Таксама не хоча пакуль размаўляць і Ян.

З кароткага аповеду адваката Дзмітрыя Пігуля «Белсат» даведаўся, што Вользе Салановіч увечары 25 студзеня патэлефанаваў нехта з ізалятару на Акрэсціна і сказаў, што Яна «выганяюць». Маўляў, прыязджайце, забірайце. Больш ніякіх тлумачэнняў, падрабязнасцяў не было.

Яна адпусцілі толькі з квітанцыяй на аплату адбытых сутак, хоць, паводле адваката, мусілі выдаць даведку аб вызваленні з указаннем колькасці дзён, якія ён правёў за кратамі. На якой юрыдычнай падставе адбылося вызваленне, абаронца не ведае.

— Якраз сёння (26 студзеня) я звярнуўся ў Мінскі гарадскі суд, дзе на разглядзе знаходзяцца чатыры мае наглядныя скаргі на пастановы суда Партызанскага раёну аб спагнанні ў дачыненні Яна, — распавёў адвакат. — Даведаўся, што ніякіх пастановаў аб адмене былых рашэнняў не было. То бок суд не вызваляў Яна. Не змяншаў яму тэрміну арышту.

У любы момант могуць забраць дасежваць суткі

Спадар Пігуль кажа, што не разумее, паводле якой логікі адбылося вызваленне, да чаго яго маглі «прывязаць».

— Так, ёсць норма, паводле якой бесперарыўнае адбыццё адміністратыўнага арышту не можа быць даўжэйшым за 90 сутак запар, але гэта ў дадзеным выпадку не вельмі падыходзіць — Ян адседзеў 86 сутак, — разважае адвакат. — Але, магчыма, што яны да гэтай нормы «прывязалі» вызваленне. У Яна застаюцца яшчэ 28 сутак, і цяпер цалкам магчыма, што па ўжо звыклым сцэнары яго могуць забраць у любы момант іх дасежваць.

Спадар Пігуль будзе чакаць адказу на скаргі з Мінскага гарадскога суда, а таксама спрабаваць атрымаць хоць нейкі дакумент з ЦІПу.

Адвакат перакананы, што справа Салановіча з самага пачатку вялася з парушэннямі дзейснага працэсуальна-выканаўчага кодэксу.

— Па сямі з васьмі эпізодаў удзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах паводле арт. 7.4 КаАП мусіла быць вынесеная адна пастанова. І максімальна гэта мусіла быць 25 сутакў. А яму штотыдзень складалі пратакол, і кожны раз па 14-15 сутак, у выніку атрымалася 114 сутак, — тлумачыць абаронца.

Вызвалілі, каб забраць у войска?

Спадар Пігуль паразмаўляў з Янам пасля ягонага вызвалення і зазначае, што хлопец добра трымаецца.

— Ён моцны хлопец, вытрывалы. Загартаваўся яшчэ больш у тых жахлівых умовах — без шпацыраў, душу, карэспандэнцыі, без матраса на ложку нават ноччу, — кажа адвакат.

Пра жорсткія ўмовы ўтрымання «Белсату» распавядала раней мама Яна. За ўвесь час адбывання арышту (на момант размовы) хлопец толькі аднойчы трапіў у душ, таксама быў толькі адзін шпацыр. Яму цалкам блакавалі карэспандэнцыю, а ў студзені ЦІП перастаў прымаць перадачы.

Ян вучыўся на чацвёртым курсе БДУІР, на факультэце радыёфізікі і электронікі, спецыяльнасць — радыёэлектронныя сістэмы. Да затрымання спалучаў вучобу з працай у навукова-тэхнічным цэнтры КДБ. Падчас нашай размовы ў пачатку года спадарыня Вольга выказвала спадзяванне, што Яна не выключаць з універсітэту, што кіраўніцтва разумее сітуацыю і пойдзе насустрач.

Аднак 25 студзеня стала вядома, што Яна ўсё ж адлічылі.

Выказваюцца меркаванні, што цяпер Салановіча могуць забраць у войска, і з Акрэсціна яго нібыта выпусцілі менавіта дзеля гэтага.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: