Адвакат: Пакаранне Бяляўскаму за адзін патрон — вельмі жорсткае і неадэкватнае

Абаронца Андрэя Бяляўскага адвакат Вадзім Мушынскі падтрымлівае меркаванне свайго падабароннага аб неабходнасці абскарджваць прысуд, які вынесла суддзя Марына Запаснік, паведамляе "Радыё Свабода".

Адвакат Вадзім Мушынскі на працэсе, 11 студзеня 2018 год


Вадзім Мушынскі лічыць, што пакаранне, прызначае Бяляўскаму судом, вельмі жорсткае і неадэкватнае ягонаму ўчынку.

«Правільна, што Андрэй мае намер абскардзіць прысуд, мы падамо на яго апеляцыйную скаргу. Год абмежавання свабоды за адзін патрон, пры прызнанні віны і пры раскайванні, пры ўсіх абставінах, якія змякчаюць віну, — гэта занадта».

Вадзім Мушынскі ў спрэчках з пракурорам прасіў суд абмежавацца для Бяляўскага грашовым штрафам. Адвакат мяркуе, што такая магчымасць была, але чаму яе не выкарыстала суддзя, каментаваць не бярэцца. Ці можна параўнаць справу Андрэя Бяляўскага са справай грамадзяніна Францыі, якога ў снежні суд у Гомелі вызваліў ад адказнасці за правоз такога самага баявога патрона?

«Канешне, той апраўдальны прысуд напрошваецца як прыклад, што справу можна вырашыць і гэтак, але, дакладна не ведаючы абставінаў, устрымаюся ад аналогій. Там яшчэ было тое, што француз сам выдаў той патрон, гэта спрацавала, у тым ліку ўлічылі, што ён грамадзянін іншай краіны. А тут іншыя абставіны. Але ў любым выпадку — усяго адзін патрон, няма намеру на злачынства, няма зброі — караць абмежаваннем волі за гэта яўна зашмат», — мяркуе адвакат Вадзім Мушынскі.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць