Адвакатка Калеснікавай перастала выходзіць на сувязь (дапоўнена)

Сёння, 24 верасня, перастала выходзіць на сувязь адвакатка Людміла Казак, якая абараняе Марыю Калеснікаву.

Адвакат Віктар Мацкевіч распавёў парталу TUT.BY пра знікненне Людмілы Казак. Ён сказаў, што ў 13:50 Людмілы Казак рассталася са сваёй калегай, з якой сустракалася на вуліцы Камуністычнай.

"Спяшалася ў судовае пасяджэнне. У суд яна не прыехала. Машына прыпаркаваная на Камуністычнай, зачыненая", — удакладніў Віктар Мацкевіч.

Муж Людмілы Казак падае заяву аб выкраданні чалавека ў РУУС Цэнтральнага раёна Мінска.

«Мы з мужам Людмілы лічым, што яе знікненне звязана з прафесійнай дзейнасцю», — патлумачыў Віктар Мацкевіч.

Між тым, "Нашу Ніву" паведаміла, што да іх звярнуўся верагодны сведка выкрадання адвакаткі. Ён расказаў наступнае: "У 13:50 насупраць Камуністычнай, 24 невядомыя затрымалі дзяўчыну і павезлі на машыне Geely 8971 ТА-7 (мяркуючы па ўсім, гэта яе машына). Дзяўчына крычала "дапамажыце" шмат разоў".

7 верасня ў цэнтры Мінска гэтак жа знікла Марыя Калеснікава. І толькі 9 верасня Следчы камітэт Беларусі паведаміў, што Марыя Калеснікава была арыштаваная. Яе абвінавацілі ў закліках да захопу ўлады. Сама Калеснікава назвала сваё затрыманне выкраданнем.

Дапоўнена: шэраг тэлеграм-каналаў са спасылкай на ТАСС і мінскую міліцыю паведамляюць, што Людміла Казак затрыманая па адміністрацыйнай справе і знаходзіцца ў РУУС.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: