Адвакаты абскардзілі прысуд Марыі Калеснікавай і Максіма Знака 

Абарона Марыі Калеснікавай і Максіма Знака падала ў чацвер апеляцыйныя скаргі ў Вярхоўны суд, паведамляе babariko.vision.
Фота babariko.vision

Фота babariko.vision

«Пададзеныя сёння скаргі можна ўмоўна назваць «папярэднімі». Ёсць магчымасць выкласці довады ў дадатковай апеляцыйнай скарзе не пазней чым за 5 сутак да пачатку судовага пасяджэння. Таксама ў суд можна падаваць хадайніцтвы», — расказалі адвакаты.

ВС будзе разглядаць справу ў якасці суда другой інстанцыі.

Калеснікава і Знак ад свайго імені таксама маюць намер падаць апеляцыйныя скаргі з СІЗА. Зрабіць гэта яны павінныя да 20 верасня.

6 верасня Мінскі абласны суд прысудзіў Марыю Калеснікаву і Максіма Знака да 11 і 10 гадоў пазбаўлення волі. Прысуд не ўступіў у законную сілу, паколькі не прайшоў 10-сутачны тэрмін для яго абскарджання і апратэставання. Калі ніхто з удзельнікаў працэсу гэтага не зробіць, то прысуд уступіць у сілу 21 верасня.

Адвакаты і іх кліенты катэгарычна не згодныя з прысудам, таму будуць яго абскарджваць.

Паводле «Еўрарадыё».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: