Адвядзем бяду ад Курапатаў

Грамадзянская ініцыятыва «Эксперты ў абарону Курапатаў» звярнулася да суайчыннікаў напярэдадні адкрыцця рэстарацыі «Паедзем, паядзім» ля Народнага мемарыялу.
Чарговая бяда, якая шмат гадоў пільнавала Курапаты з пачатку будаўніцтва рэстаранна-забаўляльнага комплекса пад абразлівым імем “Бульбаш-хол”, гатовая выбухнуць. У канцы тыдня за 50 метраў ад нацыянальнага некропалю запланаванае адкрыццё рэстарацыі — ужо пад заліхвацкай назвай “Паедзем, паядзім”.

Не можа быць радасці ад такой паездкі і такога застолля каля гэтага святога для кожнага суайчынніка месца, дзе ў даваенныя гады забілі тысячы найлепшых сыноў і дачок Беларусі — самых працавітых, таленавітых і адукаваных.

Адкрыццё рэстарацыі каля Курапатаў зганьбіць усіх нас — чыноўнікаў, прадпрымальнікаў і грамадскасць. Першых — бо дазволілі скараціць ахоўную зону Курапатаў, каб узаконіць будаўніцтва “Бульбаш-холу”. Бізнесоўцаў — бо дзеля грошай спакусіліся на гэты ласы кавалак зямлі ля кальцавой дарогі. Грамадскасць — за тое, што не знайшла ў сабе сілаў абараніць курапацкія пагоркі, дзе не з сваёй волі ляжаць нашыя продкі.

Дапусціць адкрыццё рэстарацыі ля Курапатаў — зваліцца ў бездань небыцця.

І каб потым сорам не з’еў нашыя душы, звяртаемся да лепшага, што ёсць у кожнага з нас — разам адвядзем бяду ад Курапатаў!

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-05-29 14:45:36
Марат Гаравы: "Не можа быць радасці ад такой паездкі і такога застолля каля гэтага святога для кожнага суайчынніка месца, дзе ў даваенныя гады забілі тысячы найлепшых сыноў і дачок Беларусі — самых працавітых, таленавітых і адукаваных."

Радасць можа быць толькі ад святога бел-чырвона-белага сцягу, пад якім у 1941-44 падчас II сусветнай вайны беларускія паліцаі знішчалі найлепшых сыноў і дачок Беларусі — самых працавітых, таленавітых і адукаваных. Ды з 1937 па 1945 разам з сталіншчынай і нацызмам знішчылі траціну нашага беларускага народу, ў тым ліку ля Курапатаў.