«Адвёў дзяцей у лагер, а потым ператрус і допыт». Андрэй Дзмітрыеў расказаў, як прайшоў яго дзень

Раніцай 12 жніўня стала вядома аб затрыманні экс-кандыдата на леташніх прэзідэнцкіх выбарах Андрэя Дзмітрыева. Вечарам яго адпусцілі. Пра тое, што з ім адбылося, палітык распавёў у стрыме на сваім YouTube-канале.



Дзмітрыева затрымалі 12 жніўня раніцай, калі ён адводзіў дзяцей у летні лагер. Ля школьных варот да яго падышлі сілавікі, прадставіліся і запрасілі праехаць з імі. Палітыку дазволілі завесці дзяцей у школу, пасля чаго яго правялі ў аўтамабіль і адвезлі дадому на ператрус, піша zerkalo.io.

— Рабілі ўсё карэктна, але старанна. Заглядвалі ў кожную скрыню, усюды глядзелі, — распавёў Андрэй Дзмітрыеў.

Пасля ператрусу ў яго канфіскавалі ўсю тэхніку і павезлі на допыт, які працягваўся некалькі гадзін. Падрабязнасці Дзмітрыеў распавесці не можа, бо з яго ўзялі падпіску аб невыдаванні. Палітык толькі адзначыў, што «спіс артыкулаў велізарны».

— Да апошняга лічыў, што цяпер паеду, як Ляшчэня, на Акрэсціна. Будзем разам з ім абмяркоўваць яго дыпламатычнае мінулае. Але ў канцы ўзялі з мяне падпіску аб невыдаванні, вызначылі мой статус у крымінальнай справе і сказалі: «Ідзіце». Такі дзень. У мяне ні тэхнікі, ні тэлефонаў, ні кампутара, — распавёў Дзмітрыеў.

Палітык паведаміў, што пасля таго, што здарылася, з'язджаць з краіны не плануе, падпіску аб нявыездзе ў яго не бралі. Наадварот, падзеі сённяшняга дня натхнілі яго аднавіць выпускі сваіх стрымаў:

— Мой сённяшні допыт, ператрус і, самае галоўнае, тое, што мяне адпусцілі, паказвае, што ў мяне яшчэ ёсць час. Я не ведаю колькі. Учора мяне нехта з журналістаў пытаўся: «Вы яшчэ на волі?» У Беларусі на гэтае пытанне можна адказаць толькі ў канкрэтную хвіліну часу. Цяпер — на волі. Што будзе праз хвіліну — не ведаю.

Нагадаем, 11 жніўня сілавікі прыйшлі да дэлегатаў віртуальнай платформы «Сход». Паводле інфармацыі не зарэгістраванага ў Беларусі праваабарончага цэнтра «Вясна», ператрусы прайшлі ў 22 чалавек. Сярод іх —экс-пасол Беларусі ў Славакіі Ігар Ляшчэня. Частку людзей адпусцілі пасля допытаў.

12 жніўня стала вядома, што Ігар Ляшчэня затрыманы ў рамках расследавання крымінальнай справы, узбуджанай па факце масавых беспарадкаў у Мінску.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: