«Адзін з людзей у чорным закрычаў, што ён з Расіі». У Гродне пачаўся суд за бойку з амапаўцамі

12 студзеня ў судзе Ленінскага раёну Гродна судзяць 5 чалавек за падзеі 6 верасьня. Адна з падсудных заявіла, што невядомыя ў чорным, якіх ў судзе назвалі амапаўцамі, крычалі, што прыехалі з Расіі. Прозвішчы супрацоўнікаў АМАПу падчас разгляду справы змененыя — «у мэтах бяспекі».


На лаве падсудных — браты Уладзімір і Юрый Седзянеўскія, Аляксандар Якубоўскі, сёстры Жанна Захаркевіч і Надзея Сцяпанцава. Іх абвінавачваюць па артыкулах 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя або ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і па артыкуле 364 Крымінальнага кодэксу (непадпарадкаваньне супрацоўнікам пры выкананьні імі службовых абавязкаў). Справа распачата за падзеі ў Гродна 6 верасьня, піша «Вясна».

Працэс вядзе суддзя Ганна Лявусік. Дзяржаўным абвінаваўцам выступае старшы памочнік пракурора Аліна Чужаземец.

У справе фігуруюць 11 пацярпелых супрацоўнікаў МУС. Прычым ніхто з іх на першае судовае пасяджэнне не прыехаў. Суд пастанавіў выклікаць іх на другое. Пры гэтым прозвішчы амапаўцаў у справе змененыя, гэта тлумачыцца «мерамі бяспекі».

Хто абвінавачаныя і што напісана ў пратаколах?

Уладзімір Седзянеўскі, мае траіх дзяцей 1, 7 і 9 гадоў. «Нібыта «натхняў» навакольных, нанёс шкоду аўтапарку ў памеры 20 рублёў і тралейбуснаму парку ў памеры 51 рубель. Разам зь іншымі выштурхоўваў супрацоўнікаў УУС з праезнай часткі, заклікаў іншых грамадзянаў да непадпарадкаваньня, што заахвоціла іх кідаць камяні».

Юры Седзянеўскі, мае дваіх дзяцей 2 і 7 гадоў, інжынэр. «Меў намер на ўжываньне гвалту да 13 супрацоўнікаў АМАПу».

Аляксандар Якубоўскі, двое дзяцей 2,5 і 4 гады, дырэктар прыватнай фірмы. «Прыняў удзел у несанкцыянаваным мітынгу, перашкодзіў службовай дзейнасьці 10 супрацоўнікаў міліцыі. Пагражаў прымяненьнем гвалту да іх, узяўшыся за рукі з чатырма іншымі ўдзельнікамі акцыі. Якубоўскі заахвоціў да гвалтоўных дзеяньняў, прычыніў фізычны боль».

Жанна Захаркевіч, двое дзяцей 14 і 16 гадоў. Абвінавачанні падобныя з тымі, што выставілі Юрыю Седзянеўскаму.

Надзея Сцяпанцава, мае сына 17 гадоў. «Перашкодзіла службовай дзейнасьці 12 супрацоўнікам АМАПу. Пагражала прымяненьнем гвалту да супрацоўнікаў, ударыла аднаго па твары. З-за далейшага ўдзелу ў шэсці да ўнівэрмагу «Берасьце» аўтапарку нанеслі шкоду памерам 61 рубель».

Што кажуць абвінавачаныя?

Аляксандр Якубоўскі сказаў на судзе, што 6 верасьня накіроўваўся ў кампутарную акадэмію «Шаг», запісвацца на курсы, убачыў групу людзей на вуліцы Гарнавых. Сцьвярджае, што ніякіх заклікаў да масавага мерапрыемства не чуў і ніхто з людзей не парушаў грамадзкі парадак. Яго схапіў невядомы ў балаклаве і без апазнавальных знакаў, пацягнуў, ударыў, потым адпусціў.

На іншых людзей наляцелі невядомыя ў чорнай вопратцы. Якубоўскі заявіў, што ў мірных грамадзян не было ніякай агрэсіі і гвалтоўных дзеянняў. Наадварот, быў гвалт у дачыненні мірных людзей, яго асабіста таксама затрымалі і завезлі ў Кастрычніцкі РАУС, пазней аштрафавалі на 20 базавых велічынь па артыкуле 23.34.

Надзея Сцяпанцава сказала, што апрача роднай сястры Жанны Захаркевіч іншых трох абвінавачаных раней не ведала. 6 верасня кіравалася ў гандлёвы цэнтар, на вуліцы Гарнавых убачыла людзей у чорным і балаклавах, якія пырскалі ў мірных людзей газам. Распавяла, што перажыла тады шок.

Сцяпанцава ўспомніла, што калі большасць людзей разбеглася, пачалася бойка з людзьмі ў чорным, адзін з іх душыў чалавека каленам. Яшчэ адзін з нападнікаў у чорным крычаў, што ён з Расіі, потым гэта крычалі і іншыя, і пры тым лаяліся матам. Па яе словах, удары наносілі толькі людзі ў чорным, мірныя жыхары гэтага не рабілі.

На гэтым першая частка судовага працэсу скончылася. Будзе працяг.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: