Адзінаццацікласнікам у Ганцавічах забаранілі прыходзіць на выпускны ў стужках белага і чырвонага колераў?

У ганцавіцкай гімназіі адміністрацыя нібыта выступае супраць таго, каб стужкі на выпускны ў дзяцей былі белага ці чырвонага колераў, паведамляе «Наша Ніва». 

Ілюстрацыйнае фота Надзеі Бужан.

«Бацькі ўжо аддалі грошы за белыя стужкі, а дырэктарка сказала ў такіх на свята не з’яўляцца. І чырвоную стужку каб не заказвалі таксама. Хтосьці спрабаваў спрачацца: маўляў, у чым справа — стужка белая, але літары на ёй чорныя. Тым больш у нас раней заўсёды выпускнікі аддавалі перавагу такім колерам — беламу ці чырвонаму, і праблем не было. Цяпер усе ў разгубленасці, не могуць вызначыцца з такім простым пытаннем», — ананімна распавялі «Нашай Ніве» некалькі сваякоў старшакласнікаў.

Дырэктарка ганцавіцкай гімназіі Іна Бараноўская пацвердзіла, што колеравы канфлікт сапраўды быў, але, на яе думку, таму што «меншасць вырашала за большасць»:

«Меншасць аформіла заказ стужак, не ўлічваючы меркаванне большасці, вось і прыйшлося ўрэгуляваць канфлікт», — пракаментавала Іна Бараноўская. Праўда, якім чынам канфлікт быў урэгуляваны і на якім колеры сышлася большасць, — дырэктарка адказваць адмовілася, палічыўшы такое пытанне «зняважлівым».

Бацькі выпускнікоў перажываюць, што, хутчэй за ўсё, прыйдзецца заказваць стужкі залатога колеру: ён не выкліча скандал.

Пры гэтым у аддзеле адукацыі Ганцавіцкага райвыканкама запэўнілі, што ціску ў такой справе быць не можа — кожны клас ў праве выбіраць сабе колер свабодна і па душы.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: