Адзінагалосна! Апошняга кандыдата-праціўніка завода АКБ знялі з выбараў

Камісіі не спадабалася і перадвыбарчая праграма Уладзіміра Мароза. «Мы сутыкнуліся з несправядлівым судом, міліцэйскім бязмежжам, бяздзеяннем чыноўнікаў…» Менавіта гэтыя словы камісія палічыла «інфармацыяй, якая ганьбіць гонар дзяржаўных органаў і судовай сістэмы».
Уладзімір Мароз

Уладзімір Мароз

1 лістапада адбылося пасяджэнне акруговай камісіі Брэсцкай-Памежнай акругі №4, на якім разглядалася пытанне вынясення папярэджанняў незалежнаму кандыдату, праціўніку завода АКБ Уладзіміру Марозу. У выніку заўваг у камісіі назбіралася столькі, што Мароза аднагалосна выключылі з перадвыбарчай гонкі.

На пачатку пасяджэння старшыня камісіі Надзея Зайцава паведаміла, што ў камісію паступіла шмат матэрыялаў, якія паказваюць, што Уладзімір Мароз парушыў правілы вядзення агітацыі.

 

Надзея Зайцава, старшыня Брэсцкай-Памежнай акруговай камісіі №4


У чым заключаліся парушэнні?

  • Уладзімір Мароз прадставіў у камісію незавераную копію загаду аб прадстаўленні яму адпачынку. Камісіі не спадабалася, што дакумент ён прынёс позна, і той без пячаткі. Сябры камісіі ўбачылі ў гэтым парушэнне 77 артыкула Выбарчага кодэксу.
  • Ініцыятыўная група кандыдат размясціла ў сацыяльных сетках інфармацыю пра сустрэчу з Марозам, якая мусіла адбыцца 31 кастрычніка. Але пра гэтую сустрэчу кандыдат за два дні да яе не паведаміў у камісіі, як таго патрабуе заканадаўства. У выніку сустрэча не адбылася, і таму кандыдат і яго ініцыятыўная група не лічаць гэта парушэннем.
  • Таксама камісіі не спадабалася перадвыбарчая праграма Уладзіміра Мароза, надрукаваная ў газеце “Зара над Бугам”. “Мы сутыкнуліся з несправядлівым судом, міліцэйскім бязмежжам, бяздзеяннем чыноўнікаў…”. Менавіта гэтыя словы камісія палічыла “інфармацыяй, якая ганьбіць гонар дзяржаўных органаў і судовай сістэмы”. “Гэта падрывае статус нашай дзяржавы!” — заявіла адна з сябраў камісіі.
  • І самае цікавае. Па словах камісіі, яны атрымалі заявы ад некалькіх грамадзян — жыхароў Брэста, якія скардзіліся на ўлёткі ад ініцыятыўнай групы Уладзіміра Мароза. У гэтых улётках без выходных дадзеных берасцейцаў запрашаюць прыйсці на мітынг 3 лістапада, які будзе праходзіць у межах перадвыбарчага пікету Мароза.
  • Таксама, па словах сябраў камісіі, улёткі былі знойдзены ў гімназіі №6, на прыпынках, слупах і іншых месцах, на якіх не прадугледжана размяшчэнне агітацыйных матэрыялаў. Ва ўлётках напісана: “Зменім карумпаваную ўладу”, што камісія палічыла заклікам да змены ўлады.

Ініцыятыўная група і сам Мароз сцвярджаюць, што гэта правакацыя, і яны не распаўсюджвалі такія ўлёткі. Яны лічаць, што таго, хто ад імя актывістаў распаўсюджваў улёткі, мусіць шукаць міліцыя. Бо відавочна, гэта было зроблена, каб кандыдату вынеслі папярэджанне.

Спрэчка паміж камісіяй і ініцыятыўнай групай Уладзіміра Мароза была вельмі эмацыйнай.

Напрыканцы з залы быў выдалены блогер Аляксандр Кабанаў, які вёў прамую трансляцыю пасяджэння на Youtube.


Камісія праігнаравала меркаванні і аргументы ініцыятыўнай групы і ў выніку аднагалосна прагаласавала за адмену рэгістрацыі Уладзіміра Мароза кандыдатам у дэпутаты.

 

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!