Аэраздымка. Як выглядае месца ў Фаніпалі, якое хочуць ушчыльніць

«Фаніпаль не Каменная Горка!» і «За развіццё інфраструктуры Фаніпаля» — дзве петыцыі з такімі загалоўкамі з’явіліся ў інтэрнэце ў студзені 2020 у адказ на планы ўладаў ушчыльніць горад-спадарожнік.
Зялёны партал падняў дрон над Фаніпалем, каб і самім паглядзець, і вам паказаць, як выглядае месца, дзе плануюць забудову.

У першай петыцыі ад 8 студзеня аўтары звяртаюць увагу, што ўшчыльненне адбываецца без стварэння адпаведнай інфраструктуры, «пры адсутнасці рэзервовых тэхнічных магутнасцяў для вода-, газа- і электразабеспячэння».

Аўтары цытуюць кіраўніка дзяржавы: «Патрабую ад урада неадкладна прыступіць да выканання прынятых рашэнняў па развіцці гарадоў-спадарожнікаў з павелічэннем аб’ёмаў будаўніцтва жылля. Акрамя таго, там адначасова трэба ствараць адпаведную інжынерна-транспартную і сацыяльную інфраструктуру».
І мяркуюць, што другая частка патрабаванняў у дадзены момант цалкам ігнаруецца мясцовай уладай Дзяржынскага раёна і горада Фаніпаля.

Другім пунктам пішуць пра рацыянальнасць: «Дадзеную зямлю можна выкарыстоўваць для будаўніцтва спартыўных аб’ектаў, у прыватнасці, даўно абяцаных стадыёна і басейна, дадатковых збудаванняў для школы № 1 г. Фаніпаль, у якіх жыхары маюць вострую патрэбу. Адзіная школа і гімназія ўжо не спраўляюцца з растучай год ад года колькасцю вучняў. Дзіцячыя сады таксама перапоўненыя».

Далей гаворка ідзе пра высечку лесапаласы, на месцы якой плануецца будаўніцтва двух дзесяціпавярховых дамоў: «Хочам адзначыць той факт, што ў Фаніпалі няма аніводнага нармальнага парку, а тэрыторыя існуючага сквера ў цэнтры была калісьці канфіскавана, па нашых дадзеных, у дзіцячага сада № 1. Гэта, мяркуем, парушае ўказанні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка, выкладзеныя на нарадзе, прысвечанай разгляду новай рэдакцыі жыллёвага кодэкса 03.10.17».

Таксама аўтары петыцыі звяртаюць увагу, што будаўніцтва прывядзе да знішчэння зарэзерваванага месца пад пляцоўку для выгулу сабак, у якім таксама мае вострую патрэбу Фаніпаль: «Хочам адзначыць, што ўжо завершаныя і плануемыя да будаўніцтва жылыя забудовы спрэс ігнаруюць Змена № 6 ТКП 45-3.01-116 −2008 „Горадабудаўніцтва. Населеныя пункты. Нормы планіроўкі і забудовы“, якія прадугледжваюць на гэтых тэрыторыях пляцоўкі для выгулу сабак, а таксама гульняў дзяцей школьнага ўзросту, адпачынку дарослага насельніцтва, заняткаў фізкультурай».

У апошнім пункце аўтары мяркуюць, што «адбудзецца разбурэнне перададзенай ад ТАА "ЭЛЕДІ-Компані" горада Фаніпаль у канцы 2019 года паркоўкі».

«На падставе вышэйпададзенага, маюцца дастатковыя падставы меркаваць, што плануемае будаўніцтва ад ЗАТ "ДГ-Цэнтр" «з’яўляецца прамым парушэннем распараджэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка», у сувязі з чым аўтары просяць прыпыніць ушчыльняльную забудову ў цэнтры горада і надаць большую ўвагу развіццю інфраструктуры Фаніпаля.

Дзяржынскі райвыканкам адказаў на петыцыю ў лютым. Калі коратка, то будаўніцтва дамоў на гэтай тэрыторыі — законна. І ўмовы для правядзення вольнага часу таксама будуць створаны. Інжынерныя сеткі перакладаюцца. Стадыён рэканструююць, ФАК, дзіцячы сад і школу пабудуюць.

Другая студзеньская петыцыя была створана 23 студзеня і адпраўлена акрамя Дзяржынскага райвыканкама таксама ў Мінскі аблвыканкам. Петыцыя таксама кажа аб ушчыльненні, менш спасылаецца на словы кіраўніка дзяржавы і больш апелюе да нормаў закона і Генеральнага плана Фаніпаля.

Чаго не было ў першай петыцыі, дык гэта меркавання жыхароў Фаніпаля пра забудоўшчыка, які плануе асвойваць тэрыторыю: «Аб забудоўшчыку "ДГ-цэнтр". Пры будаўніцтве ВК „Зялёныя Алеі“ мясцовымі распарадчымі органамі быў дадзены дазвол на будаўніцтва 2-ух шматкватэрных жылых дамоў. Але, па нашых звестках, было пабудавана тры дамы, але два з іх былі злучаныя дзіўнай металічнай канструкцыяй і зарэгістраваны як адзін дом. Але ўсё гэта адбылося пасля чарады скандалаў. Уся гэтая інфармацыя пацвярджаецца ў шматлікіх навінавых публікацыях СМІ. Таксама забудоўшчык абяцаў будаўніцтва фантанаў, веласіпеднай паркоўкі, трэнажорнай залі і пральні. Гэтыя абяцанні выкананыя не былі. І мы не хочам, каб гэты забудоўшчык меў магчымасць любога будаўніцтва ў горадзе Фаніпалі!».

Паводле Зялёнага партала

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: