Афіцыйна: вязням у СІЗА сонца не паложана

Намеснік міністра аховы здароўя і адначасова Галоўны санітарны ўрач Рэспублікі Беларусь прызнала, што на вязняў СІЗА і турмаў санітарныя нормы і правілы не распаўсюджваюцца.


Яшчэ не асуджаныя судом людзі, а значыць і невінаватыя, вымушаныя знаходзіцца ў будынках без пэўнага статусу. На дадзены момант камеры месцаў утрымання пад вартай (гэта значыць, СІЗА і турмаў) не адносяцца ні да жылых, ні да грамадскіх будынкаў. Камітэт па зямельных рэсурсах ў адпаведнасці з адзінай класіфікацыяй прызначэння аб’ектаў нерухомай маёмасці адносіць іх да спецыялізаваных.

У той жа час санітарныя нормы і правілы зацверджаны Міністэрствам аховы здароўя толькі для жылых і грамадскіх будынкаў. А для асобнай катэгорыі – спецбудынкаў МУС, якія выкарыстоўваюцца ў якасці месцаў утрымання пад вартай, санітарныя нормы і гігіенічныя нарматывы не зацверджаныя.

Праваабаронцы «Магілёўскай Вясны» змагаюцца за прывядзенне ўмоў утрымання ў беларускіх турмах у адпаведнасць з Мінімальнымі стандартнымі правіламі ААН у дачыненні абыходжання з зняволенымі (Правілы Нэльсана Мандэлы) ужо больш за год. І толькі цяпер намеснік міністра Наталля Жукава адкрыта прызнала, што:

«Нарміруемае значэнне каэфіцыента натуральнай асветленасці (КНА) у камерах устаноў крымінальна-выканаўчай сістэмы МУС Беларусі заканадаўствам у галіне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва не рэгламентуецца».

КНА – гэта асноўны паказчык, які дазваляе чалавеку жыць у нармальных умовах – ён гарантуе права на сонечныя прамяні. А ў беларускіх СІЗА і турмах на вокнах камер выкарыстоўваюцца так званыя металічныя шчыты-жалюзі – металічныя палоскі шырынёй 5-6 сантыметраў (“вейчыкі”), прывараныя да кратаў з вонкавага боку акна пад вуглом 45 градусаў.

У некаторых выпадках вокны камер наогул зачыненыя звонку суцэльнымі металічнымі лістамі. З-за іх натуральнае святло ў камеру практычна не трапляе.

Усё гэта дае падставу прыраўняць умовы ўтрымання ў СІЗА і турмах да катаванняў – дзеянняў, якімі наносіцца пакуты і шкода здароўю чалавека, каб пакараць яго. Гэта парушае Канвенцыю ААН супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання (ратыфікаваная Беларуссю ў 1987 годзе).

Адзін з аўтараў звароту ў Міністэрства аховы здароўя, праваабаронца Аляксандр Буракоў так пракаментаваў для MSPRING.ONLINE ліст Галоўнага санітарнага лекара краіны:

– Гэта вельмі сумленны адказ. Спатрэбілася больш за год, каб уся беларуская крымінальна-выканаўчая сістэма адкрыта прызналася, што на самой справе аб правах вязняў да гэтага часу ніхто не думаў, – сказаў Буракоў. – Раней перапіска з рознымі ведамствамі паказала, што цалкам усю пэнітэнцыярную сістэму ніхто не бачыць. Кожнае ведамства адмахваліся ад праблемы па-свойму і даказвала, што ні ў чым не вінавата. Цяпер жа сітуацыя ясная і патрабуе тэрміновага вырашэння: ніхто не парушаў закон, таму што закона не было. І з-за гэтага кожны дзень пакутуюць грамадзяне, хтосьці страціў здароўе.

У сістэме ДВП МУС Рэспублікі Беларусь дзевяць такіх устаноў, пра якія ідзе гаворка: тры турмы – у Магілёве, Гродне і Жодзіна; і шэсць СІЗА – у Мінску, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Баранавічах і Бабруйску. Яны разлічаны на шэсць тысяч чалавек.

Праваабаронцы працягнуць барацьбу за імплементацыю міжнародных нормаў у беларускае заканадаўства.

 Саша Мінько, mspring.online

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: