Афіцыйны сайт нямецкага гандбольнага клубу: Беларусь — апошняя дыктатура Еўропы

На сваім афіцыйным сайце супернік БГК імя Мяшкова па Лізе чэмпіёнаў нямецкі «Райн Лёвен» назваў Беларусь апошняй дыктатурай Еўропы, а паездку ў краіну — авантурай , паведамляе «Белсат».

БГК ды Райн Лёвэн гулялі ў Берасці ў 2016 годзе. Фота Міланы Харытонавай

Чэмпіён Беларусі па гандболе і каманда з нямецкага гораду Мангайму выступаюць у элітнай групе «А» Лігі чэмпіёнаў. У сераду, 26 верасня, ім трэба будзе адкрываць праграму трэцяга тура Лігі чэмпіёнаў паядынкам у Нямеччыне. Па традыцыі, спартыўныя клубы на сваіх афіцыйных старонках даюць анонс матчу, прэв’ю да гульні нямецкага і беларускага клубу перайшло ў палітычную плоскасць.

У прыватнасці, на сайце нямецкага клубу зʼявілася наступная цытата:

«БГК імя Мяшкова з Берасця, безумоўна, зʼяўляецца экзатычным удзельнікам элітнага пула Лігі чэмпіёнаў. Гэта збольшага звязана з геаграфіяй. Беларусь лічыцца апошняй дыктатурай Еўропы, а паездку ў Берасце праз некаторыя абмежаванні можна назваць авантурай».

Берасцейскі клуб пакуль ніяк не адрэагаваў на такое выказванне.

Нагадаем, што БГК імя Мяшкова і «Райн Лёвен» ужо сустракаліся з адзін з адным у рамках Лігі чэмпіёнаў. У кастрычніку 2016 года, беларускі клуб сенсацыйна перамог нямецкага гранда — 30:28.

Берасцейцы вельмі паспяхова пачалі гэты сезон: у Лізе чэмпіёнаў яны перамаглі спачатку шведскі «Крыстыанстад» (32:20), а затым дзейнага пераможцу Лігі чэмпіёнаў — 26:23 французскі «Манпелье» і ідзе першым у сваёй групе. «Райн Лёвен» пакуль займае толькі 6 месца з 8 камандаў.

belsat.eu

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!