АГП запатрабавала адклікаць скандальны «закон Раўкова»

Палітрада АГП патрабуе ад «дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў» не галасаваць за «Закон Раўкова», а ад Міністэрства абароны — адклікаць гэты скандальны праект.
minsknews.by

minsknews.by

Аб'яднаная грамадзянская партыя выступіла з адпаведнай заявай.

«Учора стала вядома аб законапраекце, унесеным у Палату прадстаўнікоў. Ён прадугледжвае, у тым ліку, адмену адтэрміновак ад прызыву для маладых людзей, якія вырашылі працягнуць сваю адукацыю ў
магістратуры і аспірантуры, а таксама не патрабуе аддаваць позву аб прызыве на воінскую службу і воінскія зборы пад распіску. Законапраект «рэкамендавана» разгледзець у «паскораным парадку» і тэрмінова прыняць у двух чытаннях.

Ствараецца ўражанне, што генерал Раўкоў хоча заняць спусцелае месца таксічнага міністра Шуневіча. Не здолеўшы стварыць з войска прэстыжны інстытут, стварыўшы страшылку з дзедаўшчынай, паборамі, самагубствамі і да т.п., Раўкоў вырашыў пайсці па самым простым шляху — арганізаваць адлоў грамадзян прызыўнога ўзросту.

Любому здароваму чалавеку відавочна, што вынікамі прыняцця гэтага законапраекта будзе далейшае падзенне прэстыжу службы ў войску, падзенне патрыятызму, масавая эміграцыя маладых людзей за мяжу (з мінімальным шанцам на іх вяртанне ў Беларусь), магутны ўдар па падрыхтоўцы навуковых кадраў для Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, у выпадку прыняцця закона любы грамадзянін прызыўнога ўзросту
аўтаматычна трапляе ў групу рызыкі: улады ў любы момант могуць падвергнуць яго рэпрэсіям за нібыта ўхіленне ад службы».

На думку сяброў партыі, уся дадзеная сітуацыя сведчыць аб тым, што практыка прыняцця рашэнняў у Рэспубліцы Беларусь супярэчыць інтарэсам грамадзян і дзяржавы; падмена рэальнага парламента прызначанай Палатай прадстаўнікоў вядзе да адсутнасці абароны правоў грамадзян ад абсурдных рашэнняў рэжыму; цяперашняе Міністэрства абароны не ў стане стварыць сучаснае войска, здольнае эфектыўна выконваць ускладзеныя на яго функцыі, служба ў якім была б прэстыжнай і жаданай; цяперашняму рэжыму патрэбныя не грамадзяне, а гарматнае мяса; узрастае неабароненасць грамадзян перад свавольствам улады.

У сувязі з гэтым АГП патрабуе ад так званых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў не галасаваць за ўнесены законапраект, а ад Міністэрства абароны — адклікаць скандальны праект.

Нагадаем, супраць законапраекту, які забараняе браць другую адтэрміноўку ад войска на час вучобы, стварылі петыцыю, але на момант дадзенай публікацыі яна была недаступная.

Паводле прэс-рэлізу

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!