Агульнае ў Еўразійскім саюзе — брутальныя разгоны масавых акцыяў

Паводле праваабаронцы Уладзімера Лабковіча, пасля Еўрамайдану міліцэйскі гвалт падчас масавых акцыяў на постсавецкай прасторы стаў звыклай справай



На досвітку 23 чэрвеня армянскія паліцыянты ўжылі сілу і вадамёты, каб разагнаць дэманстрантаў у цэнтры Ерэвана. не менш як 5000 чалавек выйшлі на вуліцы, пратэстуючы супраць павышэння тарыфаў на электраэнергію, якое стала вынікам імклівага абясцэньвання нацыянальнай валюты Арменіі.

Паліцыя пасля некалькіх «знакаў папярэджання» пачала сілай разганяць мітынгоўцаў, якія ўначы занялі ў армянскай сталіцы вуліцу, якая вядзе да прэзідэнцкага палаца.

Паводле папярэдніх звестак, у выніку сутыкненняў ёсць траўмаваныя. Паведамляюць пра некалькі соцень затрыманых, якіх паліцыя забрала ў пастарункі.

Беларускі праваабаронца Уладзімер Лабковіч адзначыў, што такія паводзіны армянскай улады тлумачацца агульнай тэндэнцыяй на жорсткае здушэнне акцыяў пратэсту ў краінах з аўтарытарнымі рэжымамі.

Паводле Лабковіча, тэндэнцыя пачала разгортвацца пасля трагічных падзеяў на Майдане ў Кіеве:

«Пасля падзеяў на ўкраінскім Майдане ў аўтарытарных рэжымаў моцна павялічылася магчымасць апраўдваць гвалтоўныя дзеянні. Пасля смерці больш як 100 чалавек з „Нябеснай сотні“ дыктатары зразумелі: каб захаваць сваю ўладу, ім трэба ісці на жорсткія разгоны і недапушчэнне масавых акцыяў пратэсту. Таму гвалт падчас мірных акцыяў пратэсту з боку ўлады ў нашым рэгіёне будзе станавіцца модай, новым правілам.

Калі казаць пра матыў, які паслужыў пачаткам для забурэнняў у Ерэване, то трэба адзначыць, што для грамадскіх пратэстаў вельмі часта дастаткова даволі нязначнай падзеі. Ніколі не зразумела, дзе будзе апошняя кропля незадаволенасці, апошняя саломінка, якая пераломіць хрыбет вярблюда. Нагадаю, у Тунісе рэвалюцыя пачалася з таго, што студэнт, які не мог знайсці працу, здзейсніў самаспаленне. Вельмі часта менавіта сацыяльны пратэст становіцца апошнім каталізатарам у патрабаванні палітычных зменаў».

 

Праваабаронца адзначыў, што, нягледзячы на менш пільную ўвагу з боку сусветнай супольнасці да стану правоў чалавека ў Арменіі, рэжым прэзідэнта гэтай краіны гэтаксама залежыць ад Крамля, як і рэжым Аляксандра Лукашэнкі:

«Палітычны рэжым у Арменіі значна мякчэйшы, чым у Беларусі. І апазіцыя, і грамадзянская супольнасць маюць значна больш магчымасцяў для дзеяння. У Арменіі не такі жорсткі рэпрэсіўны апарат. Але застаецца кантроль за выбарчым працэсам. Апошнія выбары, на якіх перамог Серж Саргсян, выклікаюць вялікія пытанні. Міжнародныя эксперты лічаць выбары сфальсіфікаванымі. У Арменіі бывалі выпадкі, калі пасля выбараў прэзідэнта адбываліся вялікія забурэнні, і ўлады выкарыстоўвалі не толькі слезацечны газ, некалькі чалавек загінулі. Гэта было пасля таго, як апазіцыя вывела на вуліцы Ерэвана досыць вялікую колькасць людзей, якія патрабавалі адмены вынікаў выбараў, бо лічылі іх сфальсіфікаванымі. Арменія, у адрозненне ад Беларусі і Азербайджану, прыцягвае меншую міжнародную ўвагу што да парушэнняў правоў чалавека. Але гэтая краіна безумоўна знаходзіцца ў сферы ўплыву Расіі. Можна сцвярджаць, што залежнасць рэжымаў у Ерэване і ў Менску ад Крамля практычна аднолькавая».

 

www.svaboda.org

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: