Айцішнікі распавялі, як зменіцца іх пратэст у сувязі са зменамі ў КаАП

З 1 сакавіка пачала дзейнічаць новая версія КаАП: штрафы за пратэсты будуць вышэйшымі, а «сутак» цяпер могуць даць больш. Прадстаўнікі ІТ-супольнасці на ўмовах ананімнасці распавялі dev.by, як гэта паўплывае на іх пратэсную актыўнасць.
Айцішнікі распавялі, ці паўплывае новы КаАП на наступныя актыўнасці:

  • удзел суразмоўцаў у акцыях;
  • іх паводзіны ў сацсетках, у тым ліку публічныя ацэнкі дзеянняў улады і чыноўнікаў; выкарыстанне клаксона ў аўто;
  • выкарыстанне сцягоў і знакаў;
  • кантроль за паводзінамі дзяцей, іх удзелам у пратэсных актыўнасцях, а таксама размовы пры дзецях і тое, як нашы героі тлумачаць тыя ці іншыя палітычныя падзеі і сітуацыю ў краіне.

Таксама героям задалі пытанне, што, акрамя КаАП, можа паўплываць на іх пратэсную актыўнасць і якія формы пратэсту застаюцца для іх прымальнымі гэтай вясной.

Л., CEO стартапа:
— Бягучую палітычную сітуацыю можна выправіць толькі з дапамогай грамадскага дыялогу з уключэннем у яго ўсіх слаёў грамадства. На жаль, пакуль мы назіраем толькі ўзмацненне рэпрэсій і ўзмацненне жорсткасці пакаранняў.

Гэтыя меры — проста пластыр, які можа знізіць градус пратэсту ў кароткатэрміновай перспектыве, але ў доўгатэрміновай толькі пагоршыць стан хворай краіны. Пластырам тут не абыдзешся, неабходна прызнанне рэальнасці і злучэнне двух пратэстуючых груп у адзіны народ.

Уступленне ў сілу новага КаАП на мой пратэст ніяк не паўплывае.

К., DevOps-спецыяліст:
— Адваротны бок прававога дэфолту — у тым, што грамадзяне прывыкаюць да вольнага правапрымянення і мала звяртаюць увагу на законы ў прынцыпе. У нас і папярэдняя версія была не тое каб гуманная. А ва ўмовах развязаных рук у сілавікоў індывідуальныя рызыкі залімітавыя. Абсалютна такая ж сітуацыя застанецца і з новым КаАП, таму асабіста на мяне ён ніяк не паўплывае.

Я перастаў актыўна ўдзельнічаць у вулічных пратэстах пасля першых дваровых маршаў. Яркія маршы ўзору жніўня-верасня мінулага года давалі эмацыйную падзарадку — мы адчувалі сябе гаспадарамі горада. Дваровыя маршы больш нагадваюць дулю ў кішэні, чым пратэст. Да таго ж, аказалася, што мясцовая актыўнасць не такая бяспечная, як пра гэта прынята думаць. На два пад'езды нашай хрушчоўкі ў нас ужо тры «сутачнікі».

Персанальна я перанёс сваю актыўнасць у анлайн: дапамагаю сваімі навыкамі апазіцыйным праектам, падтрымліваю фінансава пацярпелых, імкнуся мінімізаваць выплаты дзяржаве, падтрымліваю прыватны бізнес.

Любому чалавеку цяжка ўсведамляць тое, што проста цяпер ад яго мала што залежыць і трэба проста цярпліва чакаць свайго моманту. А мы знаходзімся менавіта ў такім пункце. Мне здаецца, мы нанеслі рэжыму смяротную рану: сарвалі з яго маску патрыярхальнага клопату, пад якой знайшлі балаклаву звычайнай ваеннай дыктатуры. Па меры паглыблення эканамічнага крызісу і ціску з боку Масквы, будуць абвастрацца і супярэчнасці ў сістэме. Усё, што нам трэба — быць гатовымі выступіць у патрэбны момант, каб ужо не сыходзіць з вуліц. Я думаю, як толькі я гэта адчую, ніякі КаАП мяне не спыніць.

В., СЕО і кофаўндар ІТ-кампаніі:— Адчуваю, што мяне амаль запалохалі. Напэўна, калі збярэцца крытычная маса людзей, як увосень, то выйду на вуліцу. А пакуль раблю, што магу, цішком. І працягну гэта рабіць: буду пісаць у сацсетках, не перастану тлумачыць дзецям, як ідуць справы насамрэч.

Н., маркетолаг у ІТ-кампаніі:
— Канкрэтна ўзмацненне жорсткасці КаАП ні на што не паўплывае. Я і раней разумеў, што на мяне ў любы момант без нагоды можа быць заведзеная крымінальная справа: за перакрыццё дарог, за масавыя беспарадкі, за што заўгодна... Так што лішнія «суткі» або большы штраф на гэтым фоне не надта палохаюць.
Але гэтай вясной у публічных акцыях, на жаль, я ўдзельнічаць не гатовы — праз праблемы са здароўем, якія непазбежна абвострацца пасля чарговага затрымання. Гатовы ўдзельнічаць у маршах узроўню другой паловы жніўня-верасня мінулага года, у якіх удзельнікі адчуваюць сябе ў бяспецы.


А., выкладчык БДУІР:
— Калі шчыра, я нават не задумваўся над тым, як гэта ўсё паўплывае на асабіста маю пратэсную дзейнасць. Асноўная задача змен у КаАП — запалохаць людзей штрафамі і «суткамі» і знізіць пратэсную актыўнасць, але «суткамі» больш, «суткамі» менш — гэта не так крытычна ў маштабе агульнага пратэсту.

Верагодней за ўсё, агульны пратэсны настрой знізіцца, але большае развіццё атрымаюць партызанскія формы пратэсту: распаўсюджванне ўлётак і сімволікі, іншая агітацыйная праца, байкот тавараў дзяржаўнай вытворчасці, напісанне скарг і стварэнне петыцый. Самому цікава, як змены паўплываюць на вулічную пратэсную актыўнасць, але адной толькі вуліцай перамагчы нам дакладна не атрымаецца.


А, распрацоўшчык:
— Цяпер на мае погляды і актыўнасць КаАП не ўплывае. Складана мірыцца з несправядлівасцю, з ёй трэба змагацца. Але трэба таксама ацэньваць вынікі і разумець рызыкі.

Мая галоўная каштоўнасць — сям'я. Калі выбіраць паміж тым, ці рызыкаваць жыццём / здароўем, каб пабудаваць новую краіну (а хутка гэта не атрымацца), або пераехаць у іншую краіну, — то другі варыянт цяпер для мяне больш лагічны. Што ў перспектыве — пры змене ўлады людзі ў краіне застануцца тыя ж, як вынік некампетэнтнасць / хамства і іншыя праблемы нікуды не падзенуцца.


Ст., ІТ-бізнесмен, інвестар:
— Сцягі вывешваць не буду, у сацсетках буду стрыманей у выкладванні інфармацыі з экстрэмісцкіх каналаў. Тым не менш, пазіцыю нязгоды з дзеяннямі ўлады працягну выкладваць у карэктнай манеры. У акцыях буду ўдзельнічаць, калі зноў збяруцца вялікія маршы. Калі траплю ў сітуацыю, што ўсе будуць сігналіць, то, хутчэй за ўсё, не ўтрымаюся.

Дзеці мае не ўдзельнічалі ў маршах і не плануюць, майкі з «Пагоняй» яны часам носяць — і, думаю, працягнуць. Дома мы з імі маем зносіны на гэтую тэму.

Я планую сыходзіць у канструктыўны пратэст — удзел у палітычных партыях і іншыя актыўнасці, накіраваныя на рэфармаванне дзяржавы.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: