«АйПаўэр» падаў дакументы акумулятарнага заводу на дзяржаўную экспертызу. Грамадcкая правалілася

Кампанія «АйПаўэр» перадала дакументы акумулятарнага заводу пад Берасцем, супраць якога пратэстуюць мясцовыя жыхары, на дзяржаўную экалагічную экспертызу, перадае Радыё Свабода.
Дзяржаўная экспертыза – адзін з крокаў на шляху да запуску заводу. Праектную дакументацыю «АйПаўэр» перадаў 24 лютага пасля таго, як скончыліся тэрміны грамадкай экалагічнай экспертызы, якую даручыў правесці Аляксандр Лукашэнка.

Экспертыза не адбылася: лідары акумулятарнага пратэсту адмовіліся прымаць у «АйПаўэр» дакументацыю, матывуючы гэта тым, што прадпрыемства не падало ўсіх неабходных дакументаў.

Як адзначаў праваабаронца Раман Кісляк, у іх не было актуальнай справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА): праект акумулятарнага завода дапрацавалі, а справаздачу далі старую. Праціўнікі заводу настойвалі на правядзенні новых грамадскіх абмеркаванняў справаздачы аб АУНА.

Прадстаўнікі «АйПаўэра» з актывістамі ня згодныя. Прадпрыемства настойвае, што паўторнае грамадскае абмеркаванне справаздачы аб АУНА ідзе насуперак патрабаванням заканадаўства. «АйПаўэр» сцвярджае, што іх мінулая справаздача не патрабуе зменаў, бо дапрацаваны праект акумулятарнага заводу не прадугледжвае павелічэння сумы валавога выкіду забруджвальных рэчываў у атмасфэру больш, чым на 5% ад першапачаткова прадугледжанай.

Пасля таго, як грамадскую экалагічную экспертызу праводзіць адмовіліся, «АйПаўэр» перадаў праектную дакументацыю ў Цэнтр экалагічнай экспертызы для праходжання дзяржаўнай экалагічнай экспертызы.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасці. Што важна ведаць


  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасцем. За два кіламетры – рака Мухавец. Афіцыйная экалагічная экспертыза прагназавала, што ўздзеянне заводу на асяроддзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасці трываюць ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасць «бруднай» і небяспечнай, заяўляюць пра парушэнні працэдураў будаўніцтва.

  • Штонядзелі пратэстоўцы выходзяць на цэнтральную плошчу ў Берасці. ​Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджанні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.

  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэнняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзідэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасцейскага рэгіёну і свядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэнні пажарнай бяспекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэнне забруджвальных выкідаў у атмасфернае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэнняў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: