Акадэмія навук: 49,9% грамадзян лічаць, што Беларусь мусіць быць незалежнай

Інстытут сацыялогіі Акадэміі навук заяўляе, што МДІМА не меў права праводзіць апытанне ў Беларусі, дый самі вынікі апытання падаюцца няправільна. Пра гэта заяўляе спецыяліст аддзела аператыўных даследаванняў Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі Аляксандр Дамброўскі. Яго каментар наконт расійскага даследавання апублікаваны сёння на сайце інстытута, перадае Еўрарадыё.
28 лістапада ў СМІ трапілі вынікі даследавання, якое праводзілі ў Беларусі расійскія сацыёлагі. Апытанне ладзілася ў тым ліку і праз тэлефон. Навукоўцы цікавіліся стаўленнем беларусаў да Расіі. Паведамлялася, што 57,6% апытаных хочуць, каб Беларусь мела саюзніцкія адносіны з Расіяй, а 31,8% — партнёрскія. Агулам атрымліваецца амаль 90%.

У адказ супрацоўнік Інстытуа сацыялогіі нагадвае, што ў Беларусі сацыялагічнымі апытаннямі маюць права займацца толькі акрэдытаваныя арганізацыі. Расійскі ж цэнтр пры Маскоўскім дзяржаўным інстытуце міжнародных адносін (МДІМА) такой акрэдытацыі не атрымліваў. Недапушчальным лічаць беларускія сацыёлагі і займацца апытаннем па тэлефоне.

Таксама Дамброўскі заяўляе, што вынікі апытання часта залежаць не толькі ад фармулёвак пытанняў, але і ад таго, хто з'яўляецца яго замоўцам і арганізатарам. 

"Як паказвае досвед, ужо на этапе ідэнтыфікацыі гэтых арганізацый (нават не чытаючы тэкст) можна атрымаць уяўленне пра тое, у які бок будуць імкнуцца атрыманыя вынікі — асабліва, калі пытанні датычаць такіх адчувальных для грамадскасці тэм, як палітыка і эканоміка. Часцяком аказваецца, што ўмоўная еўрапейская сацыялагічная служба задае грамадзянам тыя ж пытанні, што і прарасійскія сацыёлагі, аднак атрымлівае дыяметральна супрацьлеглыя вынікі", — падкрэслівае Дамброўскі.

Вынікі расійскага даследавання выклікалі шырокі грамадскі рэзананс на фоне дыскусій пра паглыбленую інтэграцыю Беларусі і Расіі. Па словах Дамброўскага, агучаныя ў СМІ лічбы няправільныя: "Гучныя заявы пра тое, што дзевяць з дзесяці беларусаў хочуць саюзу з Расіяй (і ўжо тым больш домыслы пра ўключэнне Беларусі ў склад Расійскай Федэрацыі) не адпавядаюць не толькі апублікаваным на сайце МДІМА вынікам, але і дадзеным сацыялагічных службаў, якія маюць акрэдытацыю і стала працуюць на тэрыторыі Беларусі".

Дамброўскі кажа, што апытанне, праведзенае Інстытуам сацыялогііў краісавіку-траўні 2019 года, дае зусім іншыя лічбы. 49,9% грамадзян краіны лічаць, што Беларусь мусіць быць незалежнай дзяржавай. Адносіны з Расіяй наша краіна павінна будаваць на аснове міжнародных дамоваў (што можна класіфікаваць як "партнёрскія адносіны").

Пры гэтым 36,1% рэспандэнтаў лічаць, што абедзве краіны павінны быць у раўнапраўным саюзе са стварэннем наднацыянальных органаў кіравання (можна лічыць, "саюзніцкія адносіны"), а за ўваходжанне Беларусі ў склад Расіі выступілі толькі 7,7%.

Дарэчы, колькасць прыхільнікаў поўнай незалежнасці Беларусі з 2003 года вырасла на 14,9%, а прыхільнікаў раўнапраўнага саюза з Расіяй — знізілася на 13,3%.

Пры гэтым 60,5% апытаных беларусаў лічаць Расію самай сяброўскай краінай, а 47,6 — найбольш важным напрамкам у знешняй палітыцы.

Паводле euroradio.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: