Акадэмія навук прапаноўвае стварыць турыстычнае кальцо Мінска да чэмпіянату свету па хакеі–2014

Да чэмпіянату свету па хакеі 2014 года Нацыянальная акадэмія навук Беларусі прапануе стварыць новы праект — "Турыстычнае кальцо Мінска". 



Улічваючы напружаны графік спаборніцтваў і тое, што чэмпіянат будзе праводзіцца ў сталіцы, найболей даступнымі будуць аб'екты Мінска і яго наваколляў", — гаворыцца ў паведамленні НАНБ. Паводле меркавання вучоных, стварэнне такога маршруту "не толькі дазволіць пазіцыянаваць славутасці наваколляў Мінска, але і стварыць новы прывабны турыстычны брэнд". 



У маршрут прапануецца ўключыць гістарычныя славутасці горада, помнікі баявой славы, музеі, аб'екты гісторыка-культурнай спадчыны — Заслаўе, гісторыка-культурны комплекс "Лінія Сталіна", гарадзішча на рацэ Менцы, Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, сядзібу Чапскіх у вёсцы Прылукі, музейны комплекс "Дудуткі", мемарыяльныя комплексы ў вёсцы Студзёнка і "Трасцянец", купалаўскія мясціны (Акопы, Вязынка), гарналыжныя комплексы "Сілічы", "Лагойск" і іншыя аб'екты. 



Навуковай базай для такога праекта могуць стаць шматгадовыя даследаванні ў межах падрыхтоўкі Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, шматтомнага выдання "Гарады і вёскі Беларусі", а таксама інавацыйныя распрацоўкі па развіцці турызму лакальна-рэкрэацыйнага тыпу, адзначылі ў НАНБ.

 
Анастасія Салановіч, belapan.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: