Спорткомплекс сваімі рукамі? Калі ласка

Да нядаўняга часу Марыя Дашчынская (Арлоўская) была звычайнай жыхаркай вёскі Аксакаўшчына Мінскага раёна, у якой жыве з 1982 года.

Як і іншыя вяскоўцы, хадзіла па разбітых дарогах, пазірала на смецце вакол дамоў і ў лесе. Дзякуючы яе грамадскай актыўнасці і калектыўнай працы жыхароў вёскі ў лістападзе 2017 года на прыдамавой тэрыторыі ўзнік адмысловы спартыўны гарадок.

Невялікі дзіцячы садок і тры крамы — вось і ўся сацыяльная інфраструктура вёскі Аксакаўшчына, нягледзячы на тое, што тут знаходзіцца буйны медыцынскі рэабілітацыйны цэнтр. У лясной вёсцы няма нават школы, дзе б была спартыўная пляцоўка. Пры тым, што тут зарэгістраваныя 1014 жыхароў, у тым ліку больш за 200 дзяцей.

— Нашы дзеці да гэтага часу гулялі ў футбол на прыдамавой тэрыторыі, рызыкуючы сваім жыццём і маёмасцю грамадзян, — распавяла Марыя. — Для валейболу нацягвалі вяроўку паміж дрэвамі на ўскрайку лесу. А на двары ХІХ стагоддзе. Хацелася, каб з’явілася прыстойная спартыўная пляцоўка, якая б адцягнула дзяцей ад кампутарных гульняў і стварыла ўмовы для фізічнага развіцця на свежым паветры. Марылі мы і пра тэніс.

Мары заставаліся марамі, пакуль Марыя і яе суседзі не сталі праяўляць ініцыятыву і грамадскую актыўнасць.

— Калі толькі сядзець і чакаць ад органаў улады, што яны вырашаць усе нашыя праблемы, наваколле наўрад ці стане для людзей утульным, — гаворыць грамадская актывістка. — Справа пачала рухацца са снежня 2015 года, калі створаная ініцыятыўная група правяла апытанне жыхароў наконт праблем. На першым месцы апынулася забруджванне тэрыторыі і навакольнага асяроддзя. На другім — адсутнасць спартыўнай пляцоўкі для дзяцей і дарослых.

— Побач з вёскай знаходзіцца бальніца на 480 ложкаў, — распавядае жанчына. — На прылеглай тэрыторыі — лес, дзе любяць гуляць хворыя, наведвальнікі і аматары «дзікага адпачынку». У выніку — горы смецця. Вырашылі кожны год праводзіць суботнікі па прыборцы тэрыторыі. Дапамагаюць валанцёры з Мінска. Звычайна трактары напоўніцу загружаюцца смеццем. На жаль, культура «дзікага адпачынку» знаходзіцца не на высокім узроўні.

Дзякуючы ініцыятыве актывісткі і падтрымцы яе жыхарамі былі залатаныя дзіркі на дарогах, з’явіліся новая пляцоўка для збору смецця, а восенню 2017 года ў двары двух пяціпавярховікаў паўстаў спартыўны комплекс пад адкрытым небам.

Лідарка мясцовай супольнасці прыняла ўдзел у конкурсе мясцовых ініцыятываў. Яе праект знайшоў падтрымку ў спонсараў летам 2017 года, у верасні была падпісана дамова аб выкананні.

Зараз паміж дамамі на вуліцы Лясной дзякуючы калектыўнай працы дарослых і дзяцей месцяцца паўнавартаснае поле для гульні ў міні-футбол памерам 15 на 28 метраў і адмысловай агароджай вышынёй у 3 метры, валейбольная пляцоўка, баскетбольны шчыт, тэнісны стол, турнікі і брусы.

— Напісаць праект было лягчэй, чым яго выканаць, — кажа жанчына. — І гэта пры тым, што яшчэ да падачы заяўкі на конкурс я дамовілася пра падтрымку мясцовых уладаў. Аднак, пасля атрымання фінансаў чыноўнікі дапамагаць не спяшаліся. Фактычна, усё легла на плечы жыхароў: і мантаж абсталявання з агароджай, і падрыхтоўка самой тэрыторыі пад спартыўную пляцоўку. (Гэтая частка работ была заяўлена як унёсак мясцовай улады). Таксама патрэбна было выдаткаваць шмат высілкаў на ўзгадненне з мясцовай адміністрацыяй схемы спартыўнай пляцоўкі.

Працэс узгаднення праекту, вырашэнне пытанняў бяспекі занялі шмат часу. Доўга давялося вырашаць і праблему вырубкі 14 соснаў на месцы цяперашняй валейбольнай пляцоўкі.

Але ўзрадаваў удзел жыхароў вёскі ў будаўніцтве і абсталяванні пляцоўкі. Працавалі жыхары рознага ўзросту: дапамагалі нават дзеці-дашкольнікі, пенсіянеры. Бацькі прыходзілі разам з немаўлятамі. Пакуль тыя спалі ў вазках, іх маці і таты працавалі. 19 лістапада адбылося ўрачыстае адкрыццё спартыўнай пляцоўкі. Гэта было сапраўднае свята пад назвай «Малыя алімпійскія гульні 2017 года, Аксакаўшчына, старт».

Свята вялі прафесійныя вядоўцы, гучалі музыка і песні ў жывым выкананні, былі і печыва, і гарбата. Мерапрыемства прайшло весела і радасна, прагучала многа ўдзячных словаў. І ўзнікла адчуванне, што мы зрабілі нешта патрэбнае, — дзеліцца сваімі ўспамінамі актывістка. — На свята прыехаў прадстаўнік райвыканкама, прывёз у якасці падарунка мячыкі. Быў і начальнік нашага ЖЭУ. Яны зрабілі свой унёсак тым, што напярэдадні дня адкрыцця пляцоўкі паставілі дзве новыя лавы і дзве невялічкія сметніцы, прывезлі машыну пяску для валейбольнай пляцоўкі.


Марыя Дашчынская лічыць, што дзякуючы актыўнаму ўдзелу жыхароў, актывістам удалося прыцягнуць увагу мясцовых уладаў да населенага пункта. Зараз ставіцца задача далейшага супрацоўніцтва па вырашэнні агульных праблем рэгіёна. У снежні 2017 года адбылося пасяджэнне «круглага стала» з мясцовымі ўладамі, на якім абмяркоўваліся вынікі рэалізацыі ініцыятывы і магчымасці далейшага супрацоўніцтва.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць