Акт вандалізму пад Вілейкай

У вёсцы Касута пад Вілейкай, на радзіме ўкраінскага гетмана Піліпа Орліка, знішчаны стэнд з інфармацыяй пра аўтара першай украінскай канстытуцыі.


Пра гэта паведаміў вілейскі дэмакратычны актывіст Аляксей Сюдак. Злачынства было здзейснена паміж 27 і 30 красавіка, прыкладна за месяц да дня смерці Піліпа Орліка. Штогод, 24 траўня ўкраінскія і беларускія патрыёты прыязджаюць ў вёску Касута, каб ушанаваць памяць сына беларускай зямлі і героя Украіны.


На стэндзе была размешчана інфармацыя пра гісторыю вёскі і біяграфія ўкраінскага грамадска-палітычнага і вайсковага дзеяча, гетмана Запарожскга войска Піліпа Орліка.

Стэнд быў усталяваны вілейскімі краязнаўцамі 2 верасня 2015 года ля каменя ў памяць Піліпа Орліка, на месцы, дзе ўкраінцы збіраюцца паставіць помнік гетману.


Хутчэй за ўсё інфармацыйны стэнд быў знішчаны не з хуліганскіх памкненняў, а з палітычных, мяркуе Аляксей Сюдак. Бо яго не зламалі, а выкапалі і вывезлі на аўтамабілі.

***
Піліп Орлік (11 (21) кастрычніка 1672, Касута, Ашмянскі павет, Віленскае ваяводства, цяпер Вілейскі раён, Мінская вобласць — 24 мая 1742, Ясы, Малдаўскае княства, цяпер Румынія) — украінскі палітычны, дзяржаўны і ваенны дзеяч, гетман Запарожскага Войска ў выгнанні (1710–1742), паэт, публіцыст. Прадстаўнік шляхецкага роду Орлікаў (чэшскага паходжання). Адзін з укладальнікаў «Пактаў і Канстытуцыі правоў і вольнасцяў Войска Запарожскага» — канстытуцыйнага акту, які часам называюць «першай у свеце Канстытуцыяй», фактычна — казацкага грамадскага дагавора. Змагаўся супраць захопу Украіны расійскай імперыяй Пятра І.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!