Акт вандалізму: прарасійскія графіці на шыльдзе сядзібы БНФ

1 мая на шыльдзе і дзвярах цэнтральнай сядзібы БНФ у Мінску з’явіліся надпісы прарасійскага шавіністычнага зместу.


Камеры відэаназірання, размешчаныя ў двары па вул. Чарнышэўскага, дзе месціцца сядзіба БНФ, не зафіксавалі твары экстрэмістаў, што здзейснілі акт вандалізму.


Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч пракаментаваў выхадку невядомых экстрэмістаў:

З’яўленьне прарасейскіх экстрэмісцкіх графіці на будынку, дзе месціцца сядзіба БНФ — трывожны сігнал. Тое, што на мінулым тыдні быў здзейснены аналагічны напад на сядзібу Таварыства беларускай мовы, сведчыць, што гэта не адзінкавы выпадковы акт вандалізму, а свядома спланаваная акцыя, арганізаваная супраць беларускіх аб’яднанняў прарасійскімі шавіністамі, што апошнім  часам актывізаваліся ў Мінску. Такім чынам, гэта не хуліганскія дзеянні, а наўмысная праява экстрэмізму з боку варожых для Беларусі структураў. Прыкра і небяспечна для дзяржавы, калі нашыя праваахоўныя органы займаюцца палітычным пераследам беларускіх патрыётаў замест таго каб выяўляць сапраўды небяспечныя вылазкі антыбеларускіх сілаў, патураючы экстрэмізму.

Мы будзем рэагаваць на гэтыя выхадкі ў адпаведнасці з законам. Нагадаю, што арганізатары мінулай кампаніі аналагічных нападаў на ТБМ і БНФ, якая была ў 2012 годзе, былі выяўлены і пакараныя — кіраўнік групоўкі так званых расейскіх нацыянал-бальшавікоў быў асуджаны на шэсць месяцаў арышту”, — сказаў Аляксей Янукевіч.

На дадзены момант наступствы дзеяньняў вандалаў ліквідаваныя.

narodny.org

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!