Акты дробнага сабатажу на чыгунцы: шэсць выпадкаў закарочвання за ўчора

Замыканне дротам рэйкавых ланцугоў набыло масавы характар, хоць гэтыя дзеянні забароненыя і небяспечныя.


Міліцыя Мінскай вобласці паведаміла пра замыканне дротам рэйкавых ланцугоў каля Калядзіч пад Мінскам.

Як стала вядома «Нашай Ніве» з унутраных чыгуначных зводак, гэта не адзіны такі выпадак. Толькі сёння ў першай палове дня было шэсць выпадкаў закарочвання рэйкавых ланцугоў дротам — на перагонах каля Жодзіна, Памыслішча, Сцяпянкі, Рудзенска.

Невядомыя рэгулярна замыкаюць дротам рэйкавыя ланцугі на ўчастках, прылеглых да Мінска. Гэтыя здарэнні фіксаваліся на баранавіцкім, асіповіцкім і маладзечанскім кірунках.

Такая маніпуляцыя дазваляе затрымаць кожны цягнік прыкладна на 10 хвілін. Машыніст павінен спачатку спыніцца перад ілжыва чырвоным сігналам, пасля, па загадзе дыспетчара, пачаць рух з хуткасцю 20 км/г да семафора з дазвольным сігналам.

Заканадаўства забараняе любыя маніпуляцыі на чыгунцы, бо яны могуць прывесці да збояў у працы.

«Замыканне дротам рэйкавых ланцугоў хоць і не стварае непасрэднай пагрозы аварый, але павялічвае верагоднасць збояў, якія могуць прывесці да аварый. Таму такога ні ў якім разе нельга рабіць», — патлумачыў «Нашай Ніве» спецыяліст чыгункі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: