Актывіст праз суд патрабуе кампенсацыю за яго знішчаныя кнігі

Грамадскі актывіст Ігар Багачак накіраваў пазоў у суд Савецкага раёна, у якім просіць спагнаць з дзяржавы на яго карысць 700 беларускіх рублёў за знішчаныя без пастановы суда кнігі і друкаваныя выданні, што былі канфіскаваныя ў яго падчас агляду ў сакавіку 2017 года.
Ілюстрацыя. Лукас Кранах Старэйшы. «Спаленне забароненых кніг правіцелем (Спаленне кніг Арыя перад імператарам Канстанцінам)» каля 1530 г.

Ілюстрацыя. Лукас Кранах Старэйшы. «Спаленне забароненых кніг правіцелем (Спаленне кніг Арыя перад імператарам Канстанцінам)» каля 1530 г.

Напярэдадні Дня волі, 23 сакавіка 2017 года, да актывіста прыйшлі з аглядам супрацоўнікі Савецкага РУУС Мінска. Яны нібыта шукалі зброю, выбуховыя рэчавы, аднак замест гэтага забралі 70 кніг і іншых друкаваных выданняў, а ў адносінах да Ігара Багачака склалі пратакол па арт. 17.11 КаАП – “Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую дзейнасць”. Аднак справа да суда так і не дайшла, а кнігі ўсё адно былі знішчаныя. Ігар Багачак абскардзіў такія незаконныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, за што у выніку адзін з іх быў пазбаўлены бягучай прэміі.

Адметна яшчэ і тое, што калі актывіст пайшоў знаёміцца з матэрыяламі сваёй адміністрацыйнай справы ў Савецкі РУУС, ён даведаўся, што ўчастковы Сяргей Кулічэнка прыйшоў у яго кватэру з аглядам без санкцыі пракурора.

“Такім чынам, незаконнымі дзеяннямі супрацоўнікаў міліцыі УУС адміністрацыі Савецкага раёна г. Мінска мне была нанесеная маёмасная шкода ў выглядзе знішчэння друкаваных выданняў у колькасці 70 асобнікаў, што належылі мне на правах уласнасці. Памер нанесенай шкоды я ацэньваю ў 700 рублёў”, — піша ў сваім іску Ігар Багачак і просіць суд спагнаць такую сумму з фінансавага аддзела Адміністрацыі Савецкага раёна.

Юрыст ПЦ “Вясна” Аляксей Лойка ў сваю чаргу адзначае, што акрамя права ўласнасці на кнігі, якія міліцыя знішчыла без рашэння суда, было парушана і права на недатыкальнасць жылля Ігара Багачака, паколькі супрацоўнікі міліцыі правялі несанкцыянаваны агляд.

Тым не менш, арт. 12 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, а таксама арт. 17 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах забяспечваюць права на недатыкальнасць жылля:

“Ніхто не можа падвяргацца адвольнаму або незаконнаму ўмяшанню ў яго асабістае і сямейнае жыццё, самавольным або незаконным замахам на недатыкальнасць яго жылля ці тайну яго карэспандэнцыі або незаконным замахам на яго гонар і рэпутацыю.

Кожны чалавек мае права на абарону закону ад такога ўмяшання або такіх замахаў”.

Недапушчальнасць такіх замахаў згадваецца і ў дакладзе Amnesty International, які быў прадстаўлены ў Камітэт па правах чалавека ААН напярэдадні разгляду пятага перыядычнага даклада Беларусі ў 2018 годзе.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!