Актывіст з Гомля запрасіў Парашэнку наведаць магілу Жызнеўскага

Актывіст АГП Уладзімір Кацора звярнуўся ва ўкраінскую амбасаду з нагоды апаганвання магілы Героя Украіны Міхася Жызнеўскага, пахаванага пад Гомлем. Вандалы неаднаразова псавалі помнік героя, паведамляе Радыё Свабода.
«Хацелася б, каб на гэтую сітуацыю звярнуў увагу Пятро Парашэнка падчас візіту ў Гомель. Яшчэ лепш, каб ён пабываў на магіле Героя Украіны», — лічыць актывіст, які перадаў адпаведны зварот праз амбасаду Украіны.

Пятра Парашэнку чакаюць у Гомлі падчас форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны 25-26 кастрычніка.

Гамяльчук Міхась Жызнеўскі быў адным з першых забітых на Майдане ўзімку 2014 году. Яго пахавалі ў вёсцы Сцяг Працы Гомельскага раёну. Дэмакратычная супольнасць сабрала сродкі на помнік, які стварыў скульптар Алесь Шатэрнік.

Невядомыя псавалі вянкі на магіле, зразалі стужкі з украінскім сцягам. У 2015 годзе на гранітным мануменце вострым прадметам было надрапана па-расейску «Предатель». Неаднаразовыя звароты маці Героя Украіны Ніны Жызнеўскай у міліцыю не далі плёну — зламыснікаў не знайшлі.

8 кастрычніка 2018 года памёр бацька Героя Міхаіл Жызнеўскі. Не прайшло і месяца, як пайшла з жыцця маці Ніна. Засталася іхная адзіная дачка Наталля.

Улетку помнік Героя Украіны зноў быў пашкоджаны. Невядомыя замазалі на мануменце чырвонай фарбай «Пагоню» і дзяржаўны герб Украіны. Помнік застрахаваны ад вандалізму.

«Але да гэтага часу ён застаецца апаганены. Мы маглі бы самі выправіць сітуацыю, але не маем права гэта рабіць — помнік застрахаваны. Прыкра тое, што гэта здараецца не першы раз і ўлады не могуць ці не хочуць знайсці вандалаў», — зазначыў Уладзімір Кацора.

Ён мяркуе, што ўвага з боку Пятра Парашэнкі да сітуацыі з помнікам будзе спрыяць годнаму ўшанаванню памяці Героя Украіны.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Cтепан
  • 2018-10-18 16:40:31
Чтобы ничего не делать, прикрылись страховкой.

Каментаваць