Актывістаў будуць судзіць за «малітву ў недазволеным месцы»

Актывісты «Еўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў і Яўген Афнагель атрымалі міліцэйскія пратаколы, паводле якіх яны абвінавачваюцца ў тым, што маліліся без дазволу Мінгарвыканкама.
Леанід Кулакоў падчас малебну 7 красавіка. Фота Алены Ляшкевіч

Леанід Кулакоў падчас малебну 7 красавіка. Фота Алены Ляшкевіч

Як паведаміў «Новаму Часу» Леанід Кулакоў, ён атрымаў не толькі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, але і СМС-паведамленне з суда Цэнтральнага раёна Мінска. Актывіста будуць судзіць па артыкуле 23.34 — парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў. 

«Паводле пратаколу я маліўся на плошчы Свабоды каля храма ў групе грамадзян у неўстаноўленым месцы і пры гэтым трымаў бел-чырвона-белы сцяг», — распавёў актывіст.

Пратакол на яго быў складзены за ўдзел у малебне ля Свята-Духава кафедральнага сабора 7 красавіка, на які пасля першага крыжалому ў Курапатах заклікаў прыйсці палітык Мікалай Статкевіч

Па словах Леаніда Кулакова, такі ж пратакол атрымаў Яўген Афнагель.

Леаніда Кулакова будуць судзіць у Цэнтральным судзе Мінска 24 красавіка ў 9.40.

«Атрымліваецца, на вуліцы маліцца нельга — толькі ў храме. Тады трэба прыцягваць да адказнасці ўсіх вернікаў, якія моляцца без адпаведнага дазволу», — іранізуе актывіст.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!