Актывістаў зноў адпраўляюць на «суткі». Яны патрапляюць пад вызначэнне палітвязняў

Блогераў Сяргея Ціханоўскага з Гомеля і Дзмітрыя Казлова з Оршы, а таксама палітыка Паўла Севярынца пасля 15-суткавых арыштаў зноў адпраўляюць за краты.

10 студзеня ў блогера youtube-канала "Страна для жизни" Сяргея Ціханоўскага заканчваецца арышт, да якога яго прысудзілі 27 снежня ў судзе Савецкага раёна Гомеля. Але сёння ж яго зноў прывезлі ў той жа суд на новы адміністрацыйны працэс.

Як паведамляе праваабаронца "Вясны" Леанід Судаленка, судзілі блогера за ўдзел і асвятленне мінскай акцыі 20 снежня. Суд вынес рашэнне аб накіраванні Сяргея Ціханоўскага ў ІЧУ для адбыцця новых 15 сутак арышту. Такім чынам, на волю ён выйдзе ажно 26 студзеня.

Лісты і паштоўкі Ціханоўскаму Сяргею Леанідавічу можна адпраўляць па адрасе: вуліца Міжгародняя, 26, (ІЧУ УУС Гомельскага аблвыканкама), Гомель, 246012.

Сёння ж Паўла Севярынца зноў асудзілі падчас двух судоў на 15 сутак па коднай справе.Палітык толькі гэтай ноччу быў выпушчаны з цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, аднак у 12 гадзін 10 студзеня над ім адбыліся новыя судовыя працэсы.

Лісты і паштоўкі можна адпраўляць Паўлу Севярынцу па адрасе: завулак 1-й Акрэсціна, 36, г. Мінск, 220089.

А аршанскі блогер Дзмітрый Казлоў, больш вядомы пад псеўданімам "Шэры Кот", не выйшаў з ІЧУ пасля сутак. Позна ўвечары 9 студзеня адзін з супрацоўнікаў аршанскага ІЧУ паведаміў актывістам, што ў Казлова маецца яшчэ адна пастанова аб арышце.

Блогеру прысудзілі яшчэ 15 сутак.

Падтрымаць блогера Дзмітрыя Казлова лістамі і паштоўкамі можна па адрасе: вуліца Энгельса, 19-25, Орша, 211030.

Праваабаронцы вельмі абураныя гэтай сітуацыяй

"Паводле крытэрыяў, якія былі прынятыя беларускай праваабарончай супольнасцю, яны цалкам трапляюць пад вызначэнне палітвязняў. Яны былі пазбаўленыя свабоды толькі за тое, што ажыццяўлялі сваё законнае права на свабоду мірных сходаў і выказвання меркаванняў, а таксама за сваю легітымную палітычную грамадзянскую дзейнасць. Мы патрабуем іх неадкладнага вызвалення", — адзначае праваабаронца "Вясны" Валянцін Стэфановіч.

Паводле spring96.org

 

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: