Актывістка Алена Давыдава 12 гадзінаў прастаяла ў аддзеле міліцыі, ёй выклікалі хуткую

Гамяльчанка Алена Давыдава зрабіла гэта на знак пратэсту супраць свайго незаконнага затрымання раніцою 3 ліпеня супрацоўнікамі Навабеліцкага РАУСу.
Алена Давыдава, фота Ларысы Шчыраковай, gomelspring.org

Алена Давыдава, фота Ларысы Шчыраковай, gomelspring.org

Яна выйшла са свайго дому, каб патрапіць на акцыю “3%” на цэнтральным пляжы ў 12.00. Па дарозе да прыпынку яе затрымалі супрацоўнікі міліцыі і адвезлі ў аддзяленне. Алену Давыдаву трымалі ва ўнутраным двары, побач з ёй увесь час знаходзіліся 4 міліцыянты.

“Тры гадзіны я ім казала, што яны здзяйсняюць злачынства, — узгадвае Алена Давыдава, — іх дзеянні не законныя, а злачынствы не маюць тэрміну даўніны і іх абавязкова будуць судзіць за гэта. Праз 3 гадзіны я пачала патрабаваць каб мяне выпусцілі. Яшчэ праз гадзіну прыйшоў іх начальнік і паведаміў, што будзе складацца пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Я патрабавала абаронцу ці законнага прадстаўніка, напісала 2 скаргі”.

Адміністрацыйны працэс так і не быў пачаты. Увесь час актывістка знаходзілася ва ўнутраным дворыку, ёй прапаноўвалі крэсла, ваду і нават паесці. Алена Давыдава на знак пратэсту ад усяго адмаўлялася. У 21.30 ад доўгага стаяння сп. Алене стала кепска і ёй выклікалі хуткую дапамогу. Калегі (Алена Давыдава працуе фельчарам на хуткай дапамозе) агледзелі яе, аказалі дапамогу і далі папіць.

Актывістка напісала заяву ў пракуратуру з патрабаваннем вызначыць асобаў, якія яе беспадстаўна затрымлівалі, незаконна ўтрымлівалі 12 гадзінаў у аддзяленні міліцыі, і прыцягнуць іх да крымінальнай адказнасці.

У 23.10 яе адпусцілі дадому.

Нагадаем, Алена Давыдава мелася стаць кандыдатам пратэсту на сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах, але напярэдадні рэгістрацыі яе ініцыятыўнай групы яе зрабілі спачатку кантактам першага ўзроўню, а потым, як лічыць актывістка, падрабіўшы яе тэкст на каронавірус, прымусілі такім чынам знаходзіцца на самаізаляцыі 21 дзень. Нягледзячы на афіцыйны дыягназ, медыкі ёй не выдалі бальнічны і цяпер не дапускаюць да працы.

Паводле Ларысы Шчыраковай, gomelspring.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: