Актывісту з Расіі забаранілі ўезд у Беларусь на 5 год

Руслану Канавалаву, затрыманаму ў Баранавічах 25 сакавіка, забаранілі ўезд у Беларусь на 5 год, яго чакае дэпартацыя.

Раніцай 25 сакавіка на чыгуначным вакзале ў Баранавічах быў прэвентыўна затрыманы актывіст Руслан Канавалаў, які збіраўся прыняць удзел у святочным мітынгу і канцэрце ў Мінску, прысвечаным 100-годдзю БНР. Падчас праверкі дакументаў, высветлілася, што Руслан мае грамадзянства Расійскай Федэрацыі, а 90-дзённы тэрмін яго знаходжання на тэрыторыі Беларусі якраз завяршыўся, паведамляе spring96.org.

Аддзел па грамадзянству і міграцыі Баранавічскага РУУС прыняў рашэнне аб забароне ўезду ў Беларусь для Канавалава на 5 год, а яго да моманту дэпартацыі змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

Руслан дзясятак гадоў жыве ў Беларусі, мае тут шмат сяброў і працу. З-за расійскага грамадзянства быў вымушаны раз на тры месяцы выязджаць у Расію, а затым вяртацца ў Баранавічы. Аднак перад 25 сакавіка не паспеў у чарговы раз гэтага зрабіць і яму пагражае непазбежная дэпартацыя.

Ён, праўда, звярнуўся са скаргай на дзеянні АГІМ у пракуратуру Баранавічаў, аднак спадзяванняў, што будзе адмененае рашэнне аб высылцы, вельмі мала.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!