Актывісту Змітру Паліенку далі яшчэ адзін тэрмін?

Такую інфармацыю паведамілі ягонай жонцы Насце Паліенка ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Да Змітра Паліенкі не пускаюць адваката, паведамляе «Свабода».


Паводле Насты Паліенка, жонкі актывіста Змітра Паліенкі, 10 ліпеня над ім зноў адбыўся суд, вынік якога ёй не паведамілі. Пра тое, што Змітра Паліенку асудзілі другім разам, жонцы актывіста сказалі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, дзе яго трымаюць з 8 ліпеня.

8 ліпеня суд Першамайскага раёна асудзіў Змітра Паліенку на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за заклік да флэшмобу з пустымі рондалямі, які актывіст змясціў у інтэрнэце. 10 ліпеня Змітра Паліенку ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў спрабаваў наведаць адвакат, але яго да актывіста не пусцілі, спаслаўшыся на эпідэмічную сітуацыю. Пра тое, што сёння ў Змітра Паліенкі быў новы суд, ягоная жонка даведалася ад супрацоўнікаў ЦІПа.

«Прасіла перадаць яму перадачу, а мне сказалі, што ён адмаўляецца, і што ў яго быў другі суд. За што і які атрымаў прысуд, не сказалі. Хутчэй за ўсё, далі яшчэ 15 сутак, як іншым актывістам, каб да выбараў не выйшаў на волю. Таму і адмаўляецца ад перадач, бо трымае на знак пратэсту галадоўку», — мяркуе Наста Паліенка.

У Першамайскім раённым судзе Мінску, куды актывістка звярнулася, каб даведацца пры вынік суду над мужам, спачатку адна з супрацоўніц назвала артыкул 23.4 КаАП (непадпарадкаванне міліцыі), за які судзілі Змітра Паліенку. Але іншыя супрацоўніцы гэтага не пацвердзілі.

«На тую супрацоўніцу зашыкалі калегі, маўляў, што ты кажаш, і тады сказалі, што суду не было ўвогуле. Але я мяркую, што тая дзяўчына прагаварыла забароненую інфармацыю. Бо дзе яшчэ маглі судзіць Дзіму, акрамя як у Першамайскім судзе? Тут і першы суд быў», — мяркуе Наста Паліенка.

Супрацоўніца Першамайскага раённага суду, якая адказвае за кантакты з прэсай, сказала карэспандэнту Свабоды, што адміністрацыйная справа Змітра Паліенкі сёння ў судзе не разглядалася.

У прэсавай службе Вярхоўнага суду атрымаць аператыўную інфармацыю пра меркаваны суд над Змітром Паліенкам не ўдалося — тэлефоны не адказваюць.

8 ліпеня ў кватэры, дзе пражывае Зміцер Паліенка, адбыўся ператрус. Пазней Першамайскі суд Мінску арыштаваў актывіста на 15 сутак за «заклік да флэшмобу». Падчас перапынку ў судзе Паліенка паведаміў праваабаронцам, што ў гэты ж дзень яго вазілі ў Маскоўскае РУУС, дзе апыталі ў межах крымінальнай справы аб абразе супрацоўніка міліцыі.

Зміцер Паліенка і цяпер адбывае пакаранне па крымінальнай справе. 25 кастрычніка 2019 года суд прызнаў яго вінаватым у «асабліва злосным хуліганстве» (ч. 3 арт. 339 КК) і прысудзіў 3 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: