Актывісты падалі зварот у Мінгарвыканкам супраць будоўлі ў Курапатах

Старшыні Мінгарвыканкама Шорца на месцы не аказалася, таму размаўляць давялося з ягоным намеснікам — Віктарам Лапцевым.

У звароце ідзецца пра парушэнні падчас перадачы кавалку зямлі па Мірашнічэнкі, 53 спачатку ў арэнду, а пасля пад будаўніцтва 5-павярховага офіснага будынку. На месцы будоўлі трывае бестэрміновая вахта маладафронтаўцаў, перыядычна ўзнікаюць бойкі паміж актывістамі і будаўнікамі.


Адзін з аўтараў звароту, Павел Севярынец лічыць, што тут мае месца не толькі знявага памяці ахвяраў курапацкіх расстрэлаў 1930-х гадоў, але яшчэ і карупцыйны складнік. Актывісты таксама апелююць да таго, што за магчымыя ахвяры ды няшчасныя выпадкі падчас супрацьстаяння на месцы будоўлі некаму давядзецца несці адказнасць.


Паколькі самога старшыні Мінгарвыканкама на месцы не аказалася, Павел Севярынец, Аляксей Янукевіч ды Эдуард Пальчыс сустрэліся з Віктарам Лапцевым, намеснікам Шорца.


“Мы ўбачылі, што чыноўнікі ў курсе сітуацыі ды, адначасна, не маюць пэўнасці па ёй, — тлумачыць Севярынец. — Таму ёсць шанец, што на час, пакуль аргументы звароту будуць разглядацца, будоўля будзе прыпыненая. Гэта дасць нам час для мабілізацыі, а маладафронтаўцам — пару дзён перадышкі”.


Сёння ж будзе пададзены зварот з патрабаваннем спыніць будоўлю і правесці праверку ў Генпракуратуру, пазней — у Міністэрства культуры, якое ў свой час выключыла кавалак тэрыторыі, дзе вядзецца будоўля, з ахоўнай зоны Курапатаў.


Заўтра, 23 лютага, а 18.00 ля ўваходу на будоўлю (Мірашнічэнкі, 53) адбудзецца сход жыхароў ды актывістаў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: