Праваабаронцы: Актывісты «Задзіночання беларускіх студэнтаў» знаходзяцца ў КДБ

Актывісты «Задзіночання беларускіх студэнтаў» на допытах у КДБ, паведамляе «Свабода», а ў офіс ініцыятывы  спрабуюць трапіць невядомыя.

Паводле звестак праваабаронцаў, раніцай адбыліся ператрусы ў сямі актывістаў «ЗБС», сярод якіх сябра Каардынацыйнай рады, прадстаўніца Святланы Ціханоўскай па справах моладзі і студэнтаў Алана Гебрэмарыям, а таксама Ксенія Сырамалот, Ягор Канеўскі, студэнткі БДПУ Кася Будзько і Яна Арабейка, пра гэта паведамляе ўвечары 12 лістапада праваабарончы цэнтар «Вясна».

«Па стане на 18.40 яны ў КДБ», — паведамляюць праваабаронцы.

Алана Гебрэмарыям дапамагала студэнтам, якія падпалі пад рэпрэсіі за сваю пазіцыю. «Мы праводзім кансультацыі і дапамогу па пытаннях паступлення ў новыя ВНУ, рэлакацыі і прызыву ў войска праз адлічэнні, — цытаваў Гебрэмарыям тэлеграм-канал Ціханоўскай 31 кастрычніка. — Многія ўніверсітэты за межамі Беларусі гатовыя прыняць на дыстанцыйную і вочную вучобу нашых студэнтаў. Зараз вядуцца перамовы з праграмай Каліноўскага, Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам і іншымі ўстановамі. Пры гэтым важна, каб моладзь не імкнулася пакідаць краіну і спыняць пратэсты».

 

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: