Алег Корбан пакараны за ўдзел у акцыі супраць адэптаў «рускага свету»

Суд Савецкага раёна горада Мінска 16 студзеня пакараў лідара грамадскага аб'яднання «Альтэрнатыва» Алега Корбана штрафам у 805 рублёў за ўдзел 9 снежня 2016 года ў несанкцыянаванай акцыі ля будынку БДУІР. 
Алег Корбан

Алег Корбан

Такое рашэнне прыняла суддзя Наталля Драчова.

Нагадаем, 9 снежня дзесяць сябраў “Альтэрнатывы” прыйшлі да галоўнага корпуса БДУІР у Мінску з расцяжкай “Выкладчык Паўлавец — здраднік!”, Каб выказаць свае стаўленне да аўтара правакацыйных артыкулаў на сайце “Регнум”, так званаму адэпту "рускага свету". Аднак, мерапрыемства блакавалі дружыннікі ўніверсітэта, а таксама некалькі грамадзян у цывільным, якія парвалі частку расцяжкі, а таксама ўзялі ў кола пратэстоўцаў. Акцыя завяршылася скандаваннем лозунгаў “Ганьба!”, “Не рускаму свету на Беларусі!”.

Праз месяц аднаму з актыўных удзельнікаў акцыі Алегу Корбану была ўручана копія адміністрацыйнага пратаколу, складзенага па артыкуле 23.34 КаАП РБ і позва ў суд.

“Чарговы факт ціску і пераследу актыўных грамадзян у нашай краіне. На судзе я патлумачыў, што не лічу сябе вінаватым у парушэнні правілаў арганізацыі і правядзення вулічных акцый, паколькі згодна з Канстытуцыяй і маральным прынцыпам маю права публічна выказваць сваё меркаванне. Калі падаць заяўку ў Мінгарвыканкам на правядзенне падобнага мерапрыемства, то рашэння ўладаў трэба чакаць 15 дзён, а ў нашым выпадку такога часу не было. Тым больш, я не ведаю выпадкаў, каб чыноўнікі санкцыянавалі падобныя акцыі, таму мы былі вымушаныя дзейнічаць па абставінах зыходзячы з нашых перакананняў і ідэйных прынцыпаў”, — каментуе рашэнне суда Алег Корбан.

Абскардзіць пастанову суда Алег Корбан не збіраецца, “гэта дарэмнае марнаванне грошай і часу, у іх ужо ўсё вырашана”, — рэзюмуе актывіст.

Прэс-служба ГА "Альтэрнатыва" 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!