Алег Трусаў: Беларуская мова — асноўны гарант нацыянальнай бяспекі

Трыццаць адзін год таму Беларусь, яшчэ як савецкая рэспубліка, зацвердзіла беларускую мову ў якасці адзінай дзяржаўнай. За пяць гадоў такога статусу, большасць школаў Беларусі ўжо былі беларускімі, і перспектыва была светлая.



Але ўстановы агульнасаюзнага роўню, сілавыя структуры — заставаліся расейскамоўнымі ў справаводстве, прыгадвае ў каментары Радыё Рацыя экс-дэпутат Вярхоўнага савету Беларусі Алег Трусаў.

— Зараз павінны па-беларуску працаваць усе органы. Перш найперш міліцыя, КДБ, пажарнікі і войска. Пакуль наша войска не будзе працаваць на беларускай мове — гэта будзе войска чужой дзяржавы. І рускамоўнае войска не абароніць нас, калі, не дай Бог, на нас нападуць з усходу. Яно поўнасцю перабяжыць у той лагер, бо мова ў арміі — гэта аснова.

Беларуская мова застаецца адзіным і асноўным гарантам нацыянальнай бяспекі і незалежнасці. Гэта паказвае ўвесь гістарычны працэс, практыка суседства з імперскай Расіяй.

Кажа Алег Трусаў:

— Калі мы хочам захаваць незалежную дэмакратычную Рэспубліку Беларусь, у ёй павінна быць адна дзяржаўная мова — беларуская, а для іншых моў павінна быць асобнае заканадаўства. Хаця б такое, як напрыклад, у Казахстане. Нават у Казахстане, дзе казахаў толькі 52%, адна дзяржаўная мова.

На думку Алега Трусава, станоўчы вынік мінулага года, гэта трансфармацыя значнай часткі беларускай нацыі да стану ўсведамлення свайго месца ў свеце, дзе беларуская мова — каштоўнасць нацыі.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: