Алег Трусаў: Нацыянальная сімволіка для рэжыму – сімвал пратэсту

Экс-дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Алег Трусаў патлумачыў, чаму рэжым пасаў так варожа ставіцца да бел-чырвона-белай сімволікі.


Алег Трусаў адзначыў у каментары Радыё Рацыя:

— Нацыянальная сімволіка стала прыкметай супраціву рэжыму. Сімвалам пратэсту. Вось рэжым з гэтымі прыкметамі і сімваламі і змагаецца.

Калі стадыя палітычных спрэчак пераходзіць у стадыю сутыкненняў, сімволіка заўсёды гуляе вялікую ролю. Пад ёй людзі змагаюцца ў любой рэвалюцыі і ў любой вайне. Зараз сімвалам пратэсту стаў бел-чырвона-белы сцяг, а таму рэжым вырашыў, што ён небяспечны.

— А ці законна караць людзей вялізнымі штрафамі за бел-чырвона-белыя сцяжкі на балконах уласных кватэр альбо за штаны з бел-чырвона-белымі палоскамі?

— Натуральна, што сітуацыю даводзяць да абсурду, але, як ужо казаў, такім чынам рэжым змагаецца з любымі праявамі супраціву. Таму нават сцяжок на балконе прыраўнялі да несанкцыянаванага пікета. Пікет у любой краіне — супраціў, але ж у нашым выпадку ён — абсалютна мірны. Чалавек проста выказвае сваю пазіцыю.

Цяпер пачалося тое, што было ў гісторыі і раней. У гады акупацыі, калі чалавек вывешваў чырвоны сцяг, фашысты маглі забіць гэтага чалавека, бо лічылі яго партызанам. Зараз бел-чырвона-белую сімволіку быццам і не забараняюць, але яе выкарыстанне прыраўноўваюць да парушэння закона.

— Прапаганда называе бел-чырвона-белы сцяг фашысцкім…

— Можна ўспомніць, што ў часы перабудовы ворагі беларускага Адраджэння таксама называлі гэты сцяг фашысцкім. А нацыянальныя сімвалы бальшавікі забаранілі ў БССР яшчэ да вайны. Іх хацелі вярнуць, але, калі пачаліся сталінскія рэпрэсіі, то любая сімволіка за выключэннем савецкай стала варожай.

Таму цяпер прапагандысты нічога іншага не прыдумалі, як дастаць з шафы старыя страшылкі пра бел-чырвона-белы сцяг, якія былі прыдуманы ўжо даўно. Нічога новага тут няма.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя





Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: