Алексіевіч Лукашэнку: Сыдзі, пакуль не позна

«Ніхто вакол сябе не бачыць тых, хто любіць Лукашэнку, хто адстойваў яго так, як адстойваў раней. І як пасля таго, як усё гэта адбываецца на нашых вуліцах, можна верыць у гэтага чалавека», — сказала Святлана Алексіевіч у размове з журналістам «Свабоды».
Выказаць сваё стаўленне да цяперашняй палітычнай сітуацыі ў Беларусі «Свабода» папрасіла пісьменніцу, нобелеўскую лаўрэатку Святлану Алексіевіч.

— Што вы думаеце пра тое, што ў Беларусі адбываецца тры апошнія дні?

— Па-мойму, улада абвясціла вайну ўласнаму народу. Я бачу, як на вачах грамадства радыкалізуецца. Тое, як паводзіць сябе АМАП, нават ніхто з нас не мог уявіць. Мы бачылі, як гэта адбываецца ў іншых краінах, але ў нас страляюць у машыну, дзе маленькае дзіця, і яно ўсё ў крыві, цяжарную жанчыну б’юць, затрыманых душаць каленам — тое, супраць чаго паўстала чaрнаскурае насельніцтва Амерыкі. Проста хапаюць людзей на вуліцы. Затрыманыя сядзяць у спартовых залах без ежы і вады. А самае галоўнае — людзі абсалютна мірныя. Сёння паўстаў ланцуг жанчын, якія прасілі — мы хочам ведаць праўду пра выбары і не забівайце нашых мужчын. Яны неслі кветкі, маліліся ля Вечнага агню. І калі яны пачалі разыходзіцца, на іх напаў АМАП. Я ўжо не кажу пра тое, што адбываецца ноччу. Гэта проста ваенныя дзеянні.

— Паводле вашага адчування — людзі ўпэўненыя, што Лукашэнка прайграў Ціханоўскай?

— Абсалютна ўпэўненыя. І я ведаю, адкуль гэта ідзе. Ніхто вакол сябе не бачыць тых, хто любіць Лукашэнку, хто адстойваў яго так, як адстойваў раней. І як пасля таго, як усё гэта адбываецца на нашых вуліцах, можна верыць у гэтага чалавека. Ходзяць чуткі, пра гэта заявіў Анатоль Лябедзька, напэўна, у яго правераныя дадзеныя, што вельмі шмат тут расійскага АМАПу. Хто гэта будзе і можа любіць? Беларусы ўвесь час падкрэсліваюць, што мы мірныя людзі, мы не будзем нікога біць і забіваць. Амаль нечалавечая, сатанінская лютасць, з якой дзейнічае АМАП — мне цяжка паверыць, што гэта беларускі АМАП. Мне здаецца, што беларускія хлопцы не маглі так біць сваіх маці і сясцёр. У маленькіх гарадах, дзе ўсе адзін аднаго ведаюць, АМАП адмаўляецца біць людзей. Свае людзі не хочуць біць сваіх людзей. А тут нешта нерэальнае адбываецца.

— Як вы ацэньвае адʼезд Святланы Ціханоўскай?

— Я згодная з меркаваннем многіх людзей, што яна зрабіла сваю справу. Яна была і засталася сімвалам пераменаў, прагі новага жыцця і сумленнасці, самаахвярнасці дзеля народу і свайго мужа. Урэшце чалавек не такі ўсясільны. Яна зрабіла тое, што магла. Я не магу пра яе нічога кепскага сказаць. Я мяркую, што зараз хай мужчыны выходзяць на авансцэну. Вось будзе Камітэт нацыянальнага ўратавання, павінна збірацца эліта, павінна ўступіць грамадства ў барацьбу, а не толькі гэтыя тры маленькія жанчыны. Яны ўсе тры цудоўныя кожная па-свойму — і Вераніка Цапкала і Марыя Калеснікава. Марыя дагэтуль на пасту. Але калі трэба прынесці ў ахвяру дзяцей, а ўжо як могуць дзейнічаць і палохаць нашы органы — не трэба здзіўляцца, што дзве жанчыны — Святлана і Вераніка — сышлі з дыстанцыі. Але я думаю, што яны вярнуцца.

— А вы маглі б узяць на сябе ролю пасярэдніка?

— Пасярэдніка якога?

— Паміж тымі, хто зараз уступіў у канфлікт.

— Калі б я была крыху маладзейшай і не хворай, то напэўна. А цяпер я дапамагу ўсімі сіламі, якія ў мяне ёсць, але ўзначаліць гэты рух у мяне ўжо няма ні фізічных, ні душэўных сілаў.

— Што б вы хацелі сказаць тым людзям, якія выходзілі на пратэсты і, магчыма, яшчэ выйдуць?

Я ўдзячная ім за тое, што яны ратуюць нашу годнасць. Я проста ўлюбляюся ва ўласны народ у гэтыя апошнія тыдні. Гэта зусім іншыя людзі, зусім іншая моц у гэтых людзях. Раней у мяне было нейкае расчараванне — цяпер няма. Нам трэба быць больш арганізаванымі. Барацьба знойдзе і лідараў. Усе вырашылі, што ўсё зробяць гэтыя дзяўчаткі.

— І што б вы хацелі сказаць Лукашэнку?

— Вы мяне ўжо пыталіся аб гэтым. Хацела б сказаць тое, што выдатна сказала Святлана Калінкіна — сыдзі прыгожа. Але ўжо не атрымаецца, ужо кроў. Сыдзі, пакуль не позна, пакуль ты не ўкінеш народ у страшную бездань, у бездань грамадзянскай вайны. Сыдзі.

Ніхто не хоча Майдану, ніхто не хоча крыві. Толькі ты хочаш улады. Менавіта тваё жаданне патрабуе крыві.

Трэба, каб на ўсіх участках былі павешаныя пратаколы галасавання. Каб людзі бачылі, як яны прагаласавалі. Давайце гэта зробім. Хай людзі ўбачаць, колькі і за каго было галасоў. Я мяркую, што выйграла Святлана, у мяне нават няма сумневаў. Людзі хочуць пераменаў.

Юры Дракахруст, 

 

www.svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: