Алена Анісім: Каліноўскі — герой беларускага народа

Цяпер "толькі невялічкая частка дэпутатаў... перажываець за незалежнасць Беларусі. Асноўная маса дэпутатаў нашага 6-га склікання нічога не думае пра пагрозу небяспекі для незалежнасці Беларусі", распавяла дэпутатка Алена Анісім.



Роўна праз тыдзень — 22 лістапада, у сталіцы Літвы Вільні адбудзецца значная для Беларусі падзея — перапахаванне парэшткаў Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў. Парэшткі былі знойдзены на гары Гедыміна выпадкова — пасля спаўзання глебы, а потым ідэнтыфікаваныя.

Карэспандэнт Радыё Рацыя пагутарыў пра перапахаванне паўстанцаў, выбары і мову з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, старшынёй Таварыства беларускай мовы Аленай Анісім:

Вы паедзеце на гэтую цырымонію?

— Падзея сапраўды вельмі значная. Я зараз проста вырашаю пытанні з візай. Калі яно будзе вырашана, то безумоўна я паеду, нават калі трэба будзе браць адпачынак за свой кошт. Я абавязкова хачу быць там.

— Як вы ўспрымаеце тое, што парэшткі паўстанцы як бы выйшлі з зямлі?

— Я думаю, што ўсе перажыванні яшчэ наперадзе. Адна справа — атрымаць інфармацыю, і зусім іншае — ужывую далучыцца да гэтай жалобнай урачыстасці.

Справа ў тым, што калі я яшчэ была маленькая, то мае бацькі часцяком ездзілі ў Вільню. Там жыла родная сястра маёй мамы, бацькі абавязкова, калі мелі магчымасць, то падымаліся, мяне падымалі на гару Гедыміна.

Тое, што вы кажаце, сапраўды неяк відаць сімвалічна. Напэўна гэта знак беларусам, Каліноўскі паўстае, прыходзіць да нас, гэта як бы зварот да нас: “Беларусы, прачынайцеся. Ці не час ужо пазмагацца за свае правы”. Я думаю, што ўзрушэнне самае вялікае нас яшчэ чакае наперадзе.

— На самай справе час няпэўны. Блізіцца 8 снежня — 20-я гадавіна стварэння саюзу Расеі і Беларусі. Можа быць тут на самой справе дапамога Каліноўскага спатрэбіцца.

— Я думаю, што так, дапамога ўжо прыйшла. Важна толькі асэнсаваць, што яна ёсць. Важна зразумець, што 20 гадоў таму было створана, яно абсалютна не мае дачынення да жыцця любога беларуса. Тое, што створана, што зараз многія ездзяць туды і сюды, яны проста карыстаюцца нашымі грашыма, каб наладзіць сабе вольнае жыццё. Таму, канешне, 8 снежня — гэта безумоўна пагроза, кожны мусіць да гэтага часу падумаць, што будзе рабіць у гэты момант.

— Кажуць, што нейкія новыя заявы будуць агучаны. Чаго можна чакаць?

— Мне падаецца, што самым правільным, самым разумным было б рашэнне нашага Савета Міністраў і Адміністрацыі прэзідэнта адмовіцца ад гэтых пагадненняў, якія былі заключаны 20 гадоў таму, як абсалютна непрыдатныя і неактуальныя на сённяшні дзень.

— Якія настроі сярод дэпутатаў наконт саюзу з Расеяй, незалежнасці Беларусі?

— Значная большасць дэпутатаў нават не бярэ гэта да галавы таму, што для ім ніхто не даваў дазволу думаць пра такія пытанні, тым больш яшчэ нешта мець на ўвазе. Частка дэпутатаў ужо заангажаваная ў дзейнасць Саюзнай дзяржавы. Як кажуць, яны шмат паездзілі, яны ўключаныя ў дзейнасць нейкага міфічнага парламенту, які нешта прымае.

Толькі невялічкая частка дэпутатаў, якія можа быць не так відавочна, але ўсё ж перажываюць за незалежнасць Беларусі. Асноўная маса дэпутатаў нашага 6-га склікання нічога не думае пра пагрозу небяспекі для незалежнасці Беларусі.

— Як вы лічыце, чый герой Кастусь Каліноўскі?

— Мая пазіцыя адназначная, сам Кастусь Каліноўскі вызнаваў сябе сынам Беларусі. Шмат нашых беларускіх пісьменнікаў ушанавалі ягоную постаць у сваіх творах. Літаратары, пісьменнікі ды і савецкая Беларусь у свой час дакладна вызначыла, што Кастусь Каліноўскі — герой беларускага народа. Так было, так ёсць і так будзе.

www.racyja.com

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: