Алена Анісім: На тым баку дзейнічаюць антыбеларускія сілы

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім пракаментавала магчымасць прызнання бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім.

«Нельга быць на 100 адсоткаў упэўненым, што здаровы сэнс возьме верх», — сказала ў каментары Радыё Рацыя Алена Анісім:

— Шчыра кажучы, яшчэ год таму ніхто не мог і падумаць, што бел-чырвона-белы сцяг могуць прызнаць экстрэмісцкім. Іншая справа, што трывожныя званочкі ўжо былі раней. Калі гербу “Пагоня” надалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, то бел-чырвона-белы-сцяг такі статус не атрымаў, нягледзячы на розныя захады грамадскасці. Акадэмія навук выступіла супраць — і ўжо гэта павінна было насцярожыць.

З іншага боку не чакалася, што гэта дойдзе да такой сітуацыі, калі не толькі бел-чырвона-белы сцяг акажацца пад забаронай, а нават такое спалучэнне колераў на вопратцы, на вокнах ці нават на снегавіку. Гэта да такой ступені ім ненавісныя гэтыя колеры!

З аднаго боку, гэты сцяг сімвалізуе сумленнасць і дэмакратыю, гэта сімвал перспектывы развіцця Беларусі. Адпаведна, робяцца ўсе захады, каб забараніць яго, ідзе пераслед усёй такой жа каляровай гамы. Гэта сведчыць пра тое, што на тым баку дзейнічаюць антыбеларускія і антынацыянальныя сілы.

— Мяркуеце, што бел-чырвона-белы сцяг усё-такі прыраўняюць да экстрэмісцкай сімволікі?

— Пакуль мне складана зразумець, якая сёння раскладка сілаў у тых, хто пры ўладзе. Думаю, нават у найбольш адданых рэжыму асобаў не ўсё пакуль страчана і згублена ў плане стаўлення да нацыянальнага, нягледзячы на тое, што многія робяць проста абсурдныя заявы.

Можа, яны будуць супраць таго, каб прымаць такога роду законы, і прызнаваць бел-чырвона-белы сцяг экстрэмісцкім…. Тым не менш, нельга быць на 100 адсоткаў упэўненым, што здаровы сэнс возьме верх. У нашай краіне здаровы сэнс апошнім часам гуляе вельмі малую ролю.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: