Алена Леўчанка: Ці падтрымлівае хакейны свет гвалт і генацыд, якія робяцца ў Беларусі?

Чэмпіянат свету па хакеі павінен быць святам — звяртаецца знакамітая беларуская баскетбалістка Алена Леўчанка да Рэнэ Фазэля: «Але як можна святкаваць, калі беларусы крычаць ад болю?»



Баскетбалістка Алена Леўчанка выступіла з адкрытым зваротам да прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазэля.

Я заўсёды ставілася да тытулаў як да выніку сваёй кар'еры, і ніколі не выкарыстала іх, каб вырашаць складаныя пытанні, таму і да вас сёння я хачу звярнуцца проста як беларуска, — гаворыць Алена Леўчанка ў сваім адкрытым лісце. — І хачу звярнуцца да вас не як да ўплывовай і аўтарытэтнай постаці са свету спорту, а, перш за ўсё, як да чалавека, якому, я ўпэўненая, будзе неабыякава пачуць мяне.

Я ведаю, што правядзенне чэмпіянату свету па хакеі ў траўні 2021-га года пад вялікім пытаннем з-за палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Але я хацела б сказаць, што ад вашага рашэння будзе залежаць зусім не тое, ці адбудуцца запланаваныя матчы ў Мінску, ці не. Зыходзячы з гэтага рашэння стане зразумела, ці падтрымлівае хакейны свет у вашай асобе гвалт і генацыд, якія робяцца ў Беларусі.

Пандэмія паказала нам, што спорт немагчымы без заўзятараў: ён папросту не мае сэнсу без людзей на трыбунах. Заўзятары — актыўныя грамадзяне любога грамадства. Кожны мае пашпарт, а кожны дарослы можа галасаваць. Таму нельга проста ўзяць і выключыць спартсменаў і сказаць, што мы — па-за палітыкай. Хто мы? І вас, як чыноўніка, і мяне, як спартоўца, — нас проста няма без заўзятараў. Я разумею, што ўсё, чаго вы хочаце — гэта бачыць зноў Мінск такім жа, якім вы яго запомнілі: чыстым, светлым, ціхім. Згуляць турнір і забыцца пра гэта. Але вы не зможаце правесці чэмпіянат і не заўважыць людзей. Беларусы — ёсць. Мы — народ. Мы — нацыя. А Чэмпіянат свету па хакеі — гэта свята. Але як можна святкаваць, калі беларусы крычаць ад болю?

Ні адзін чалавек у 2020-м годзе не мае права забіваць і калечыць іншага проста таму, што ён мацней, і ў яго руках зброю. А калі вы ведаеце пра гэтыя жахлівыя забойствы і катаванні (30 000 беларусаў за апошнія чатыры месяцы прайшлі праз турмы), калі вы ведаеце і нічога не робіце, значыць, вы заахвочваеце гэта, — вы проста стаіце на другім баку дарогі і назіраеце.

Жыццё кожнага чалавека важнае! Правы кожнага чалавека роўныя. І ні ў каго з нас не будзе магчымасці пражыць гэтае жыццё другі раз. Ваша рашэнне будзе вельмі важным, і яно зусім не пра хакей.

У прэсе я чытала, што ў бліжэйшы час вы плануеце асабіста сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам, каб абмеркаваць усе нюансы чэмпіянату свету. Якіх гарантый вы хочаце? Абяцанні, што людзі перастануць змагацца за свабоду, выходзіць на вуліцы і выказваць сваё меркаванне і нязгоду з тым, што адбываецца?

Я ўпэўненая, што вам забяспечаць бяспечны шпацыр па Менску: выдадуць персанальную ахову, і людзі ў балаклавах будуць дзяжурыць у кожным двары па шляху вашага руху, не дапускаючы ніводнага мінака бліжэй чым на 100 метраў. Для вас могуць перакрыць вуліцы і аўтамабільны рух, вы трапіце ў рэстараны, якія адкрыюць толькі для вас і закрыюць для ўсіх астатніх. Вас не закране той жах, які закрануў мільёны беларусаў. Але я сумняваюся, што такія дзеянні з'яўляюцца нармальнымі для Швейцарыі, грамадзянінам якой вы з'яўляецеся.

Я не здзяйсняла злачынстваў, але была арыштаваная, асуджаная двойчы і адседзела 15 сутак у ізалятары на Акрэсціна: без гарачай вады, без ацяплення, без медыкаментаў, без пасцельнай бялізны, у камеры адключылі сліў каналізацыі. Кароткі шпацыр даводзілася чакаць 5 дзён — і гэта было марай. Такая простая мара: убачыць неба. Я спала на жалезных бэльках. У мяне з'явіліся галаўныя і адзежныя вошы.

Адной з маіх сукамерніц аказалася грамадзянка Швейцарыі. Яе завуць Наталля Хершэ. І цяпер яна асуджаная на 2,5 года за тое, што сарвала балаклаву з байца АМАПа. Але я хачу нагадаць, што супрацоўнік сіл правапарадку павінен гэты парадак выконваць і ахоўваць, а не хаваць свой твар, як рабаўнік банка з дэтэктыўнага фільма.

Ведаеце, Наталля Хершэ вельмі светлая, добрая дзяўчына. Яна ўмее любіць. У яе ёсць блізкія і сям'я. І яна не злачынца. Таму я веру, што сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам вы хочаце толькі для таго, каб яна выйшла на волю як мага хутчэй. Я веру, што сустрэцца з ім вы маюць намер затым толькі, каб асабіста сказаць, што вы супраць гвалту, што катаванням у ХХІ стагоддзі ў цэнтры Еўропы няма месца, што сусветны хакей ніколі не падтрымае дыктатуру, таму што правы чалавека — гэта самая галоўная каштоўнасць. І што Дзмітрый Баскаў, замяшаны ў смерці Рамана Бандарэнкі, не можа займаць пасаду старшыні Федэрацыі хакея Беларусі і заставацца на волі. Спадзяюся, менавіта гэта і ёсць сапраўдная мэта вашага візіту.

Алена Леўчанка нагадвае, што цяпер мала хто ў Беларусі можа не непакоіцца пра тое, што здарыцца заўтра, і ці застанецца ён на волі.

«Сёння кожны беларус, калі выходзіць на вуліцу, не ўпэўнены, вернецца ён дадому ці не. Ведаць на памяць нумар свайго адваката і адрасы ўсіх турмаў становіцца нашым штодзённым абавязкам. У кожнага ёсць хоць бы адзін сябар, знаёмы ці блізкі, які пабыў за кратамі. Спадзяюся, вам ніколі не прыйдзецца даведацца і прачуць нешта падобнае і перажыць той жах, у якім ужо чатыры месяцы жывуць беларусы.

На заканчэнне свайго звароту да вас, я хацела б сказаць, што, калі мы глядзім у люстэрка, то застаемся сам-насам са сваім сумленнем. А калі мы засынаем — у нас няма ніякіх тытулаў, рэгаліяў і званняў. Улада і ўплыў патрэбныя толькі для аднаго — каб мяняць свет да лепшага. Дазвольце нам паважаць вас як чалавека!» — гаворыцца ў лісце баскетбалісткі.

Паводле tribuna

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: