Алесь Бяляцкі і «Вясна» атрымалі «Альтэрнатыўную Нобелеўскую прэмію»

Старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі і арганізацыя сталі першымі беларускімі лаўрэатамі прэстыжнай міжнароднай узнагароды «Right Livelihood Award», вядомай як «Альтэрнатыўная Нобелеўская прэмія».


Беларускія праваабаронцы атрымалі ўзнагароду за ролю ў барацьбе за дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі. Урачыстае ўзнагароджанне адбылося 3 снежня ў Стакгольме.

Падчас урачыстага ўзнагароджання праваабаронца Алесь Бяляцкі заўважыў, што ўручэнне гэтай узнагароды адбываецца ў той час, калі ў Беларусі ідзе мірная рэвалюцыя:

«Вось ужо паўгода беларускае грамадства вядзе захапляльную барацьбу за правы чалавека, за дэмакратыю і справядлівасць, барацьбу за права “звацца народам”, як казаў наш класік Янка Купала, барацьбу з апошнім дыктарам Еўропы і яго рэжымам, які ён будаваў больш 26 гадоў. І гэтая барацьба не праходзіць без ахвяр».

«У гэты няпросты для нас час прэстыжная прэмія “За годны лад жыцця” з’яўляецца для нас, праваабаронцаў “Вясны”, моцнай маральнай падтрымкай. Узнагарода сведчыць, што тое, што мы робім 24 гады дзеля ўстанаўлення справядлівасці ў нашай краіне – гэта правільна і неабходна. Мы расцэньваем уручэнне гэтай прэміі не толькі як прызнанне якасці працы, мы ўспрымаем яе як знак салідарнасці ўсяго дэмакратычнага свету з беларускім народам. І гэта ясны сігнал беларускім уладам пра тое, што свет ніколі не будзе мірыцца з масавымі парушэннямі правоў чалавека і не прыме таго, што цяпер адбываецца ў Беларусі. Калі мы не хочам, каб Беларусь ператварылася ў ГУЛАГ, трэба падтрымліваць беларускі народ сёння і цяпер», — прамовіў падчас урачыстага ўзнагароджання Алесь Бяляцкі.

«Мае калегі з “Вясны” таксама падвяргаюцца пераследу за праваабарончую дзейнасць», – адзначыў са сцэны Алесь Бяляцкі.

Старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» сказаў, што ў адрас цэнтру пастаянна паступаюць пагрозы з боку спецыяльнага падраздзялення міліцыі. Нягледзячы на гэтыя пагрозы, праваабаронцы працягваюць займацца дапамогай рэпрэсаваным.

У 2020 годзе 18 чальцоў і валанцёраў «Вясны» траплялі пад арышты і затрымліваліся. У кастрычніку Марына Кастылянчанка правяла ў турме месяц. Трэці месяц сядзіць каардынатарка Валанцёрскай Службы «Вясны» Марфа Рабкова і валанцёр Андрэй Чапюк. Іх затрымалі за тое, што яны арганізоўвалі прадуктовыя перадачы для палітычных зняволеных у Мінску. Гэту дабрачынную дапамогу ўлады расцанілі як злачынства. Ім пагражае турэмнае зняволенне да некалькіх гадоў.

Прэмію Right Livelyhood Award заснаваў нямецка-шведскі пісьменнік і прафесійны філатэліст Якаб фон Ікскюль. Пачынаючы з 1980 года, прэмію штогод уручаюць у Стакгольме людзям, якія актыўна змагаюцца супраць забруджвання навакольнага асяроддзя, ядзернай пагрозы, парушэнняў правоў чалавека і дыскрымінацыі прадстаўнікоў меншасцяў. Кожны год арганізацыя Right Livelyhood Foundtaion атрымлівае больш за 100 заявак з усяго свету. Лаўрэатаў выбірае журы. Уручэнне прэміі адбываецца ў снежні. За 39 гадоў лаўрэатамі альтэрнатыўнай Нобелеўскай прэміі сталі 174 чалавекі з 70 краін.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: