Алесь Чахольскі: гэта звычайная «адмоўка»

27 верасня ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска адбылося судовае пасяджэнне паводле пазову Алеся Чахольскага — адказнага сакратару ўправы сойму Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ.

Алесь Чахольскі .Фота "Радыё

Яшчэ 17 чэрвеня супрацоўнікі УДАІ Мінскага аблвыканкама склалі на Алеся Чахольскага пратакол пра адміністратыўнае правапарушэнне — нібыта ён  парушыў правілы дарожнага руху ля сумнавядомага рэстарацыйна-забаўляльнага комплексу “Паедзем Паядзім” побач з Народным мемарыялам Курапаты.

З пратаколу вынікае, што Алесь Чахольскі нібыта 17.06.2018 г. а 16:45 рухаўся па праезнай частцы аўтадарогі ля зазначанага забаўляльнага комплексу, сваімі дзеяннямі перашкаджаў руху аўтамабіля, змусіў кіроўцу экстранна гальмаваць і змяняць накірунак руху, праз што стварыў аварыйную сітуацыю.

14 жніўня пастанову пра спагнанне штрафу паводле арт. 18.23 ч.3 КаАП РБ у памеры 3 базавых велічыняў ухваліў намеснік начальніка УДАІ УУС Мінаблвыканкама Віктар Іванавіч Ротчанкаў.

Алесь Чахольскі ў сваім пазове патрабаваў скасаваць гэту пастанову праз адсутнасць факту самога правапарушэння. У падмацаванне сваёй пазіцыі ён надаў суду факталагічны матэрыял з фотаздымкамі і тлумачэннямі. Матэрыялы адназначна сведчыць: Алесь Чахольскі не мог парушыць правілы дарожнага руху, бо ў той час знаходзіўся непадалёк рэстарацыі, але ў зусім іншым месцы. Апроч гэтага копія пратаколу датаваная няслушна, падчас ягонага складання выкарыстаныя розныя шрыфты.

На ўсё гэта суд звярнуў сваю ўвагу. Прадстаўнік правасуддзя Яўген Пісарэвіч ухваліў рашэнне скасаваць пастанову і накіраваць яе на паўторны разгляд ва УДАІ УУС Мінаблвыканкама.

Алесь Чахольскі ў каментары пра судовае рашэнне зазначае: гэта звычайная “адмоўка”, таму што суд, паводле тых матэрыялаў, якія былі яму нададзеныя, мусіў скасаваць пастанову і спыніць справу пра адміністратыўнае правапарушэнне, але не накіроўваць яе на паўторны разгляд. Зараз жа яе могуць закрыць паводле тэрміну, і ўжо нельга будзе падаць на спагнанне маральнай кампенсацыі.

На актывістаў Варты абароны Курапатаў, якія ўжо чатыры месяцы запар патрабуюць спыніць дзейнасць забаўляльна-рэстарацыйнага комплексу “Паедзем Паядзім”, складзеныя безліч пратаколаў пра адміністратыўныя парушэнні. На гэты момант пакараныя ўжо звыш за 60 чалавек, агульная колькасць содняў, што правялі абаронцы пад вартаю, складае 115 (!), сума штрафаў сягае прыблізна 20.000 рублёў.

Гэтыя лічбы яскрава сведчаць пра стаўленне пануючага ў Беларусі рэжыму да грамадзянскай супольнасці Беларусі наогул і да грамадскай ініцыятывы Варты абароны ў прыватнасці. Грамадскі пратэст супраць рэстарану ў Курапатах яны ставяць у адзін шэраг з палітычнымі пратэстнымі акцыямі. Пазіцыя ўладаў спрычыняецца да працягу наўпроставай дэсакралізацыі Народнага мемарыялу Курапаты.

 

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: